Ах, якім ён хлопцам быў! Успаміны маці воіна-інтэрнацыяналіста Міхаіла Бабілы

Зараз яму быў бы 61 год. Ці ёсць 61? Хто дасць адказ на гэтае пытанне? Сведкаў смерці чалавека няма, было толькі “прапаў без вестак”, пасля – “прызнаны загінулым”. Але гэта не прысуд для любячага сэрца. І Аляксандра Андрэеўна Бабіла 38 гадоў не верыць, што яе Мішы няма сярод жывых. Няхай і не на роднай зямлі, а на чужой… Якім ён быў, яе Міша, – выпускнік Галынкаўскай школы, Кіеўскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча, камандзір мотастралковага ўзвода адной з воінскіх часцей абмежаванага кантынгенту войск у Афганістане?

Міхаіл Бабіла.

Дома і ў школе

У сям’і Івана Яўстаф’евіча і Аляксандры Андрэеўны Бабілаў расло двое сыноў. Міша быў старэйшым. Аркадзь ва ўсім раўняўся на брата, які быў гонарам школы. Выхоўвалі Бабілы сыноў у любові, але і ў строгасці. Хлопцы добра ведалі цану заработанай бацькамі-сялянамі капейкі, на вуліцы без справы не бадзяліся, чым маглі дапамагалі бацьку і маці. У школе не толькі добра вучыліся, але і ў грамадскім жыцці самы актыўны ўдзел прымалі. Як згадвае Аляксандра Андрэеўна, Міша заседжваўся за пісьмовым сталом да позняй ночы: то над плакатамі карпеў, то над сценгазетай, то над чарговым выступленнем на камсамольскім сходзе. Быў настолькі адказны за кожны свой крок, што нават і ў думках не мог адмовіцца ад нейкага даручэння і перакласці яго на плечы іншага. У характарыстыцы вучня 10 “Б” класа Галынкаўскай школы Мхаіла Бабілы ўражваюць словы: “Яму ўласціва пачуццё крыштальнай сумленнасці, святое пачуццё дружбы і таварыства”. Крыштальная сумленнасць. Ці многія могуць пахваліцца такой ацэнкай сваёй асобы?

…Міша ніколі не праходзіў міма чужых бед і праблем. Аляксандры Андрэеўне расказвалі такі выпадак. Зімой яе сын з сябрамі ішоў у школу. Каля калодзежа жанчына набрала два вядра вады, на вачах дзяцей паслізнулася і ўпала разам з вёдрамі. Таварышы Мішы рассмяяліся, а ён дапамог жанчыне падняцца, напоўніў вёдры вадой і аднёс іх у дом кабеты. Скажаце, дробязь. А як характарызуе падлетка!

Пра тое, што марыць быць ваенным, бацькам Міхаіл не казаў. Ведаў, што яны не жадаюць сынам долі вайскоўца. А сам не-не ды ездзіў на веласіпедзе ў ваенкамат. Лічыў, што быў змалку падрыхтаваны да ваеннай службы. Зімою на лыжах з лёгкасцю прабягаў па 10-20 кіламетраў, асвойваў кручы і ўзгоркі. Летам веласіпед з рук не выпускаў. Любіў валейбол. У школьным камітэце камсамола быў адказны за работу ваенна-патрыятычнага сектара. Таму не раз ініцыіраваў велапрабегі ці лыжныя спаборніцтвы ў гонар Дня Перамогі ці Дня Савецкай Арміі.

Вучоба ў Кіеве

Галынкаўскую СШ Міша скончыў у 1975 годзе. І адразу паслаў дакументы ў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Што казаць, бацькі тайна спадзяваліся, што сын “заваліць” экзамены, вернецца дадому і паступіць у любым горадзе Беларусі ў цывільную ўстанову. Але сын не толькі добра здаў экзамены і стаў курсантам. Яшчэ да здачы іспытаў ён стаў жывой легендай для навучэнцаў. Пра гэта матуля даведалася, калі ў пачатку верасня прыехала на прысягу. Пакуль хлопцы, што падмяталі двор, бегалі за Мішам, яна пачула расказ пра сапраўдны фурор свайго сына.

У дзень прыезду на іспыты абітурыенты сустрэлі ў дворыку вучылішча двух выкладчыкаў. Напэўна, былі тыя ў добрым настроі і вырашылі крыху пазабавіцца над юнакамі, звярнуўшыся да іх на нямецкай мове. Нехта разгубіўся, нехта ліхаманкава ўспа-мінаў замежныя словы, а Міша пачаў весці дыялог. Па-нямецку. Аўтарытэт не толькі ў выкладчыкаў, але і ў сяброў быў заваяваны адразу. Як такі абітурыент мог не стаць курсантам?!

Усе чатыры гады вучобы Міша быў адным з лепшых у вучылішчы. І на вучэннях не раз выдзяляўся. Нездарма яго імя было занесена ў Кнігу Гонару часці, а бацькі атрымлівалі падзякі і граматы за сына.

Служба, Сочы і каханне

Першым месцам службы Міхаіла Бабілы быў Новачаркаск. Там ён атрымаў першую зарплату, пра што і паведаміў бацькам у пісьме. Першы раз паехаў у камандзіроўку, дзе атрымаў ЗІЛ і сваім ходам прыгнаў яго да месца службы. У Растове ўдзельнічаў у святочным парадзе ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. І не пешым, а за рулём свайго аўтамабіля! Жартаваў, што там вельмі шмат прыгожых дзяўчат і што “ажаніцца можна за тыдзень”. Але ўжо сур’ёзна завяраў бацькоў: “Вы не хвалюйцеся, я не ажанюся”.

Аляксандра Андрэеўна кожны дзень перачытвае пісьмы ад сына.

Нават у пісьмах адчуваецца клопат хлопца пра іншых. Вось бацькі збіраюцца выслаць яму грамадзянскае адзенне. Ён просіць: “Высылайце пасля святаў, бо ў гэтыя дні вялікая нагрузка на паштовых работнікаў”.

Не ўтойваў юнак ад бацькоў і новае месца службы – Афганістан, куды трапіў у пачатку 1980 года: “Напішу вам адразу, што я знаходжуся ў Афганістане. Вы толькі не хвалюйцеся. Становішча тут даволі-такі спакойнае. Часам не верыцца нават, што я знаходжуся ў самай гарачай кропцы планеты. Кажуць, што цяпер тут толькі 1358 год па іхнім летазлічэнні. Зараз – зіма (пісьмо напісана 22 лютага 1980 г.). Прычым, яна толькі пачалася і дзесь у красавіку скончыцца. Дыхаю горным паветрам. Упершыню ў жыцці ўбачыў горы. Ужо навучыўся скакаць па іх “как горный баран”.

А далей зноў жартуе наконт нявест: “Мне тут падабаецца. Знайсці б яшчэ якую-небудзь афганку і прывезці дадому. Ды яны ўсе ходзяць з закрытымі тварамі і ўбачыць іх няпроста”.

Каб бацькі не хваляваліся з-за доўгай адсутнасці пісем, папярэджвае, што пошта ходзіць нерэгулярна, таму не варта панікаваць.

Але хіба магла быць спакойнай маці, падушка якой не высыхала ад слёз?! Яна, хрысціянка, нават да варажбітак наведвалася, калі цярпець было немагчыма. А сын потым упікаў жартам: “Падманваюць вашы варажбіткі. Са мною нічога не здарылася, быў у камандзіроўцы”.

Заахвочваў брата, каб пісаў. Вельмі быў рады кожнай вестачцы ад Аркадзія: “Пішы любую дробязь і глупства, кшталту ў суседзяў кот прапаў, мне ўсё пра дом цікава”.

У верасні 1980-га Міхаіл атрымаў водпуск. Пабыў крыху дома, потым на 10 дзён з’ездзіў у Сочы, наведаў сяброў у Новачаркаску.

Ад’язджаючы з дому ў Сочы, абяцаў яшчэ раз наведацца да бацькоў перад адпраўкай у Афганістан. Але замест пабыўкі прыйшоў ліст з певедамленнем: “Мне трэба пабачыць аднаго чалавека. Гэта мне вельмі патрэбна. Я вам потым падрабязна раскажу, што гэта за чалавек, да якога я еду”.

Фота з архіву сям’і Бабіла, 1980 г.

А чалавекам гэтым была дзяўчына Наташа са Свярдлоўска, з якой пазнаёміўся Міша ў Сочы. Ён не памыліўся ў ёй: яна сапраўды аказалася харошым чалавекам, дзяўчынай яго мары.

Калі пасля безвыніковых пошукаў Міхаіла бацькам прывезлі з Афганістана яго рэчы, былі там і пісьмы Наташы. Пісьмы чалавека, які кахае, чакае і спадзяецца. Матуля напісала ёй пра сваё гора. Наташа адказала. Паміж жанчынамі, для якіх Міша быў самым дарагім у свеце чалавекам, завязалася даверлівая перапіска. Дзяўчына разумела, што толькі ад матулі даведаецца пра лёс каханага, бо не жонкай была Міхаілу, а нявестай. Вельмі доўга не выходзіла Наташа замуж. Гэта пра такіх, як яна, наш зямляк вайсковец Аляксей Галаскок пісаў:

Я чакаю цябе, так чакаю
З той мінулай афганскай вайны…
Толькі ў марах цябе абдымаю,
Нарачоны мой, дзе зараз ты?!
Калі ў войска цябе адпраўляла,
“Дачакайся” – ты, любы, казаў.
Абяцанне сваё я стрымала.
А сваё ты чаму не стрымаў?
Я чакаю цябе, усё чакаю.
Я нявеста, не жонка твая.
Толькі ў марах цябе абдымаю.
Дзе ты, сум мой, надзея мая?

Пошукі Міхаіла

Атрымаўшы афіцыйнае паведамленне, што сын прапаў без вестак, бацькі не маглі супакоіцца. Іван Яўстаф’евіч некалькі разоў ездзіў у Маскву, разам з жонкай – у Мінск. Аляксандра Андрэеўна на апошні адрас сына паслала ліст, на канверце напісала проста: “Салдату”. Праз нейкі час прыйшоў адказ ад намесніка начальніка батальёна, дзе служыў Міша. Аляксей Іванавіч Шыраканёў разам з Мішам не служыў, але распытаў байцоў, таварышаў пра яго. Усе вельмі добра гаварылі пра Міхаіла як пра чалавека і як пра камандзіра.

З іх слоў вынікала, што Міша ў час адпачынку адышоўся да ракі памыцца, а назад не вярнуўся. Яго доўга шукалі, але беспаспяхова. Пошукі лейтэнанта, заверыў Шыраканёў, будуць працягвацца.

Наш зямляк Іван Сяргейчык пакінуў пасля сябе некалькі твораў афганскай тэматыкі і дзённік “Горкі пыл Гіндукуша”. Іван Лук’янавіч добра ведаў маці Мішы Бабілы. Перад ад’ездам у Афганістан ён абяцаў Аляксандры Андрэеўне адшукаць там хоць які-небудзь след яе сына. Ехаў ён туды позняй восенню 1981 года. Міхаіл прапаў летам. Яшчэ была магчымасць сустрэцца з таварышамі Бабілы. І Сяргейчык выкарыстаў кожную магчымасць, каб выканаць сваё абяцанне. Вось што ён пісаў у сваім афганскім дзённіку:

“Апошнія дні ўсё часцей дастаю з кішэні Мішаву фотакартку, а сэрца разрываецца ад болю. Няўжо няма ў жывых гэтага русавалосага прыгажуна ў новенькай лейтэнанцкай форме? А калі жывы, то дзе ён цяпер? Можа, у палоне?..”

Іван Лук’янавіч адшуквае людзей, якія служылі разам з Мішам, і просіць іх расказаць, што вядома ім пра апошні дзень Міхаіла-воіна. А сам надае сабе ўпэўненасці, што юнак жывы і абавязкова вернецца дадому: “Бываюць жа на свеце цуды – людзі вяртаюцца дамоў праз шмат гадоў пасля вайны. Павінен вярнуцца і Міша. Абавязкова павінен калісьці вярнуцца…”

Весці дзённік ва ўмовах сакрэтнай вайны вельмі няпроста. Трэба было пісаць у розных сшытках, каб хоць нешта выратаваць ад цэнзуры. Як даведаўся Сяргейчык, дзённік вёў і Міша Бабіла.

“Рэшткі яго ляжаць на маім стале, – адзначае Іван Лук’янавіч. – Так, рэшткі. Я не памыліўся. Нечыя варварская, жорсткая рука вырвала з Мішавага сшытка ўсё, акрамя дзесяці лістоў. Захаваліся тры старонкі запісаў. У іх няма нічога асаблівага. Усё-такі мяне непакоіць: каму перашкаджалі думкі маладога афіцэра?..”

Доўга не мог знайсці Сяргейчык магчымасці сустрэцца з салдатамі Мішавай часці. І вось патрапіў на аднаго. Каб пачуць праўду, назваўся стрыечным братам. “Я не быў з ім тады ў рэйсе, – сказаў салдат. – Хлопцы расказвалі, што калона ішла на Хайратон. Доўга ехалі без прыпынку. Сцямнела. Спыніліся каля ракі. Усе адразу кінуліся за кюветы, хаця на прывал каманды не было. Пабег і лейтэнант Бабіла. Хутка калона рушыла далей. Вадзіцель, з якім ехаў лейтэнант, спахапіўся што няма старэйшага машыны. Пачалі сігналіць. Спыніліся зноў. Пачалі пошук. Дарэмна. На беразе Амудар’і раніцай ужо знайшлі яшчэ свежыя сляды конскіх капытаў, і ў адным месцы была разгрэблена зямля абцасамі чаравікаў. Моцная была сутычка, відаць, хаця ніхто не чуў ні гуку”.

Пачуўшы гэты страшны рас- каз, Сяргейчык перажыў стрэс. Доктар не адыходзіў ад яго некалькі гадзін. Паступова, піша Іван Лук’янавіч, стрэс зняўся, а пачуццё вінаватасці перад Мішавай маці засталося.

…Маці Мішы Бабілы даўно жыве адна – муж памёр у 1993 годзе. Малодшы сын з сям’ёй у Гродне. І сам, і яго дзеці-ўнукі падтрымліваюць жанчыну ўсім, чым могуць. Часта наведваюць яе, а ўжо пра тэлефонныя размовы і гаварыць не трэба: па два разы на дзень звоняць. Дае сілы Аляксандры Андрэеўне і вера. Калі была крыху малодшай, часта наведвалася ў царкву. Зараз моліцца дома. А яшчэ гэтая мужная жанчына знаходзіць падтрымку ў тых, чый лёс такі, як у яе, або яшчэ больш суровы. Заўсёды перад ёю вершы Анатоля Зэкава “Матуліны сны”.

– Калі маці вытрымала гібель пецярых сыноў, – кажа, – я проста абавязана не здавацца, не траціць надзеі.

І Аляксандра Андрэеўна, як той старац Сімяон, верыць, што доўгае жыццё на зямлі дадзена ёй для таго, каб дачакацца свайго збавіцеля. Сына…

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены