Апошнія Рараты. Каталікі рыхтуюцца да свята Нараджэння Пана

Чатыры тыдні запар зэльвенскія парафіяне перажываюць Адвэнт. Больш часу ўдзяляюць малітве, робяць добрыя справы, клапоцяцца аб учынках на карысць іншым. Але найбольш кожны веруючы чалавек у перадкалядны перыяд імкнуўся прыняць удзел у літургіі, асабліва святой імшы пад назвай Рараты.

Апошняя раратняя імша бягучага года адбылася ў нядзелю, 19 снежня. Як і на трох папярэдніх літургіях на пачатку імшы пагасла святло ў касцёле. Толькі свяціліся агеньчыкі ад раратных ліхтарыкаў, якія дзеці ў працэсіі пранеслі праз святыню.

За імі – ксёндз з раратняй свечкай – сімвалам Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. З сапраўдным чуваннем прыходу Бога запалілі ад Рараткі свае свечкі і прыхаджане. Гэта сваеасаблівы знак таго, што ўсе чакаюць Нараджэння Хрыста. Таму і гучныя дзіцячыя словы: “Прыйдзі, прыйдзі, Хрыстос, мы цябе чакаем!” узрушылі людскія сэрцы.

Падчас разважанняў ксёндз Яцэк Маркель нагадаў аб тых дзеяннях, якія павінны адбывацца ў перадсвяточны вечар у кожнай сям’і. Неабходна ўпрыгожыць ёлку, прыгатаваць вячэру (галоўнай стравай павінна быць куця) і пасля з’яўлення на небе першай зоркі сесці за вігілійны стол.

Урачыстымі хвілінамі ў гэты вечар павінны стаць чытанне фрагменту са Святога Пісання, малітва, благаслаўленне і ламанне аплаткі. Дзелячыся паміж сабой аплаткай, кожны прысутны за сталом павінен выказаць адзін аднаму свае пажаданні.

Сямейным праяўленнем любові да Бога будзе прысутнасць усіх на вячэрняй святочнай імшы, якая адбудзецца 24 снежня. У 21 гадзіну вернікі збяруцца на Пастэрку, каб усёй парафіяй аб’яднацца ў радасці Нараджэння Езуса Хрыста.

А нядзельная імша завяршылася першымі падарункамі ад святара. Салодкія пачастункі і святочныя каляндарыкі атрымалі самыя маленькія парафіяне.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены