Ансамбль народнай музыкі «Свята» выступіць на зэльвенскай сцэне 3 ліпеня

У рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на зэльвенскай сцэне выступіць ансамбль народнай музыкі «Свята». Распавядзём падрабязней пра сталічны калектыў.

Фота – з суполкі сацыяльнай сеткі VK «СВЯТА. SVIATA-BELARUSSIAN FOLK ROUP

«Свята» – гэта, бадай, першы ў краіне прафесійны ансамбль, які пачаў адраджаць народную музычную спадчыну, асноўваючыся на фальклоры беларускага Палесся – скарбніцы духоўнай культуры заходніх славян. Ансамбль быў створаны ў 1984 годзе пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Канцэртныя праграмы з вялікім поспехам прымаюцца як на Радзіме, так і далёка за межамі. Ансамбль «Свята» не раз прымаў удзел у міжнародных фестывалях мастацтваў, выступаў з канцэртамі ў Расіі, Украіне, Малдове, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Канадзе, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Венгрыі, Індыі, Лаосе, Карэі, Кітаі, Азербайджане, Узбекістане, Туркменістане, Эфіопіі, Венесуэле – атрымліваў захопленыя водгукі публікі і прэсы, адзначаўся дыпломамі і ўзнагародамі. За ўвесь час свайго існавання Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» даў больш за 20000 канцэртаў.

Што датычыцца беларускай сцэны, штогод ансамбль дае каля 85 канцэртаў, у тым ліку дабрачынных. Актыўна прапагандуецца народная творчасць і ў невялікіх гарадах краіны, раённых цэнтрах, аграгарадках. Актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях, мерапрыемствах, а таксама ў канцэртах, прысвечаных святочным датам.

У свой час у Беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкі «Свята» працавалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Васіль Купрыяненка (стваральнік ансамбля), Святлана і Уладзімір Салодкія, Міхаіл Ліпчык, Анатоль Кашталапаў, Марыя Маршак, народны артыст Беларусі Якаў Навуменка, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Дудчанка і іншыя таленавітыя артысты. Сярод іх ёсць аўтар небезвядомай усім нам «Чаркі на пасашок» Алякасандр Балотнік.

Сёння ў складзе ансамбля – уладальнікі ганаровых знакаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» Вячаслаў Статкевіч (мастацкі кіраўнік) і Васіль Сатварэнны (артыст-вакаліст).

Калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай ГА «БРСМ» за вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі (2004 г.), Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2004 г.), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі, значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і шматгадовую дзейнасць па прапагандзе беларускага народнага мастацтва (2011 г.)

Сёння ў складзе «Свята» – 23 артысты. У рэпертуары ансамбля мноства канцэртных праграм, якія ўключаюць сінтэз розных жанраў мастацтва – і гэта візітная картка калектыву. У рамках аднаго канцэрта глядач зможа пачуць беларускія народныя і аўтарскія песні, любімыя хіты ў арыгінальнай апрацоўцы, убачыць выдатныя пастаноўкі танцаў з элементамі ўвасаблення беларускіх нацыянальных традыцый. Сярод найбольш вядомых твораў, якія ўваходзяць у рэпертуар калектыву – візітоўка ансамбля «Цячэ вада ў ярок», упадабаныя народныя і аўтарскія песні «Мамачка родна, пусці на сяло», «Мае вочы чорныя», «Калі каліна не цвіла», «Застольная», «Ночка-чараўніца», «Разпрагайце, хлопцы, коней», «Нясе Галя воду», «Бульбаш», «Бывайце здаровы», віртуозныя музычныя замалёўкі і найгрышы «Іванаўская полька», «Дуда», «Абцасы з выкрунтасамі», заліхвацкія танцы «Віцебская полька», «Кадрыля», «Крутуха» і інш.

Канцэрт адбудзецца на пляцоўцы летняй эстрады 3 ліпеня ў 18:00. Запрашаем!

Па матэрыялах philharmonic.by

Вам может быть интересно

Комментарии отключены