Алена Варабей – заснавальніца дынастыі механізатараў

Слава пра гэтую жанчыну ў 70-80-ыя гады мінулага стагоддзя грымела на ўсю рэспубліку. Нездарма камсамольцы раёна ў дзень 100-гадовага юбілею ЛКСМБ успаміналі яе добрым словам і прасілі абавязкова расказаць пра беларускую Пашу Ангеліну – жыхарку в. Драпаўцы Алену Максімаўну Варабей – сённяшнім зэльвенцам.

З сям’і Мікеняў

Алена расла ў шматдзетнай сям’і Максіма Андрэевіча і Любові Тарасаўны Мікеняў. Паколькі з пяцярых дзяцей чацвёра былі дзяўчатамі, бацьку вельмі патрабаваліся надзейныя памочнікі ў мужчынскіх справах. Алена якраз і стала такім безадмоўным правым плячом для Максіма Андрэевіча. Змалку прыняла з рук бацькі касу – і ўсё ў яе атрымалася. Не пабаялася ўтаймаваць самага наравістага каня – і пачала на ім араць і баранаваць. Скупы на пахвальбу баць-
ка гаварыў суседзям: “Замена мне расце”. Ды людзі і самі бачылі спрыт Алены да любой сялянскай работы. А старшыня калгаса “Зара” Д.М. Галавач адразу зразумеў, куды накіраваць бясстрашнасць і вынослівасць дзяўчыны. Калі прыехалі “сваты” ад Казлоўшчынскага СПТВ, ён, акрамя некалькіх хлопцаў, прапанаваў і кандыдатуру Алены. Выклікаў яе ў кантору і спытаў: “Не хочаш змяніць сумку з газетамі (Алена пасля заканчэння Дзешкавіцкай базавай школы працавала паштальёнам) на рычагі трактара?” Дзяўчына адразу загарэлася гэтай прапановай. Яна не раз з захапленнем глядзела на работу трактарыстаў, не раз уяўляла сябе на іх месцы. Угаварыла бацькоў, і стала навучэнцай вучылішча.

Першыя крокі ў прафесіі

Вучыцца ёй было лёгка: кемлівая і памятлівая, схоплівала ўсё адразу. Паслухае выкладчыка, уважліва разгледзіць плакат, што вывешвае настаўнік, потым у вучэбнай майстэрні перабярэ дэталі таго вузла, аб якім ішла размова на ўроку – і практычна не трэба звяртацца ў бібліятэку за кнігамі. Яшчэ і хлопцам тлумачыла, калі тыя звярталіся за кансультацыяй. За два з паловай гады навучання не было ў яе ніякіх праблем ні з тэорыяй, ні з практыкай. Ужо і тады, падчас вучобы, прымала ўдзел у конкурсах, якія прыносілі толькі перамогу.
Мама, якая прыязджала на бацькоўскія сходы, чула толькі словы падзякі за дачку. Радавалася і трывожылася за яе: адна сярод такога мноства хлопцаў. (А Алена сапраўды дайшла да фінішу ў навучанні толькі адна з паступаўшых дзяўчат: тыя вельмі хутка развіталіся з “нежаночай” прафесіяй).

Калі прыехала на працу, вопытныя механізатары паглядвалі на яе з іранічнай усмешкай. Але дзяўчына не надта звяртала на гэта ўвагу. І мела рацыю: хутка мужчыны цалкам змянілі іронію на захапленне. Алена не проста ўлілася ў сям’ю механізатараў як роўная, а незаўважна стала лідзіраваць. І калі ў раёне аб’явілі конкурс на лепшага механізатара, мужчыны рэкамендавалі ад калгаса менавіта яе.

Лідар

Алена стала пераможцай не толькі ў раённых спаборніцтвах. Яна і ў вобласці не падвяла, а потым і ў рэспубліцы паказала сябе адной з лепшых.
Рэспубліканскі конкурс механізатараў праходзіўся ў Мінскай вобласці. Вельмі хвалявалася Алена, калі пазнаёмілася з удзельнікамі спаборніцтва: людзі вопытныя, з вялікім стажам работы на розных трактарах. Яна ж паспела добра асвоіць толькі Т-74. (Праўда, у вучылішчы працавала і на “Беларусах”). Хвалявацца то хвалявалася, але не разгубілася. Хіба не была яна дачкой звыклых да ўсіх перыпетый жыцця бацькоў?! Сабралася, супакоілася, спакойна і граматна адказала на ўсе тэарэтычныя пытанні. А потым віртуозна павяла МТЗ-52 на выдзеленую дзялянку, узарала яе без ніводнага агрэха, і стала першай сярод жанчын-удзельніц. Ганаровая грамата, каштоўны падарунак, стужка з напісам “Лепшая па прафесіі”, рашэнне камісіі ўзнагародзіць імянным трактарам…
У радасным узбуджэнні вярнулася дадому, а за ёю ўслед новенькі МТЗ-52 – першы такі падарунак гаспадарцы ад Алены. (Першы, бо потым будуць яшчэ два трактары, прызы за наступныя рэспубліканскія конкурсы). А тады, у 1972-м, хутка пасля рэспубліканскага конкурсу паехала Алена і на Усесаюзны. У той год лепшых аратых прымала Літва. Было і хвалююча, і цікава. Тут ужо і жанчын-трактарыстак болей. (З некаторымі і пасябраваць паспела). Выступіла вельмі добра і тут: чацвёртае месца ва Усесаюзных спаборніцтвах!

На наступным рэспубліканскім конкурсе на Алену звярнуў увагу першы сакратар ЦК КПБ П.М. Машэраў. Падыйшоў, загаварыў. Распытаў пра ўсё: бацькоў, калгас, шлях у прафесію, сямейнае становішча. “Пасля такой сардэчнай размовы як я магла не перамагчы?” – успамінае сёння Алена Максімаўна.

А конкурсы з кожным годам ускладняліся. У той раз трэба было не толькі якасць паказаць, але і вызначаны час захаваць. І тэарэтычныя пытанні больш складанымі былі. Справілася Алена на “выдатна”: першае месца сярод жанчын, другое – сярод усіх удзельнікаў.

Сямейны экіпаж

Як і трэба было чакаць, свой лёс Алена звязала з механізатарам. Міхаіл Варабей адразу вылучыў прыгожую і апантаную ў працы дзяўчыну. Сам любіў працаваць без аглядкі на час і стомленасць. Так што саюз іх будаваўся і на каханні адзін да аднаго, і на любові да нялёгкай прафесіі. У 1973 годзе маладыя пажаніліся сямейнае гняздо пачалі віць у Драпаўцах. Сёння немагчыма ўявіць, як у іх на ўсё хапала сіл і часу. Адно за адным з’яўляліся на свет іх прадаўжальнікі: тры дзяўчынкі і два хлопчыкі. Доўга быць у дэкрэтным адпачынку не выпадала (ды тады і не было сённяшняй магчымасці тры гады даглядаць малечу). Каб быць побач з дзецьмі, вырашылі з мужам “расшырыць” магчымасці кабіны: зварылі два невялікіх крэселкі па адзін і другі бок ад мамінага месца, і на іх сядзелі-засыналі маленькія “памочнікі”. Вось так з дзяцінства прывучаліся малыя верабейчыкі да працы, да шанавання людзей, што кормяць краіну хлебам. Падрасталі – дапамагалі без прымусу па гаспадарцы: ведалі, як стамляюцца
бацькі за дзень.

Працавалі Алена Максімаўна і Міхаіл Мікалаевіч і на камбайнах. Сямейны экіпаж ніколі не падводзіў кіраўніцтва гаспадаркі. Кожны дзень, як бы ні стаміліся, у канцы змены правяралі стан машыны. Самая меленькая непаладка заўважалася іх пільным прафесійным вокам і ліквідавалася.

Не раз даводзілася працаваць і на аўтамабілях, аднак галоўная любоў гаспадара і гаспадыні – трактар: Т-25, МТЗ-52,
МТЗ-80… Любы!

На пенсію Алена Максімаўна выйшла раней мужа, а Міхаіл Мікалаевіч працаваў яшчэ будучы на заслужаным адпачынку. Пакуль былі малодшыя, мелі свой трактар для апрацоўкі прысядзібнага ўчастка. Зараз маюць патрэбу ў дапамозе мясцовай гаспадаркі і вельмі спадзяюцца на ўважлівыя адносіны да сябе.

Паслядоўнікі

Механізатарамі, больш таго, працаўнікамі на бацькоўскіх землях, сталі сын і ўнук Вараб’ёў. Сяргей Міхайлавіч – такі ж заслужаны ў СВК “Сынкавічы” чалавек, як калісьці мама з татам. І трактары ўсіх марак яму падуладны, і аўтамабілі, і камбайны. З 2008 года ён у штаце кааператыва. Старшыня Д.А. Дзешка ведае: якую б тэхніку ні даручыў Вараб’ю – з любой справіцца на “выдатна”. Яго імя часта згадваецца на старонках “Працы”. То ён адзін з лепшых на вывазцы сіласу, то – як араты. А сёлета сын Алены Максімаўны стаў адным з прызёраў на ўборцы ўраджаю. Дыплом Гродзенскага абкама прафсаюзаў работнікаў АПК, асабістае віншаванне старшыні райвыканкама вельмі кранулі і яго самога, і бацькоў. Усе ведаюць: гэта – не апошняя перамога. Тым болей, што на яго раўняецца пляменнік Яўген, сын сястры Святланы.

Сын і ўнук расказваюць Алене Максімаўне пра свае справы, пра асаблівасці сучасных сельскагаспадарчых машын. І яна часта ловіць сябе на думцы, што вельмі хацелася б самой праехацца на гэтых цудоўных машынах. “У наш час тэхніка не мела такіх выдатных характарыстык, – кажа, – і добра, што канструктары клапоцяцца пра людзей, якія працуюць на створаных імі машынах”.

Выпрабаванні і спадзяванні

Вялікае гора спазналі Алена Максімаўна і Міхаіл Мікалаевіч: дваіх дзяцей страцілі. Горка ўсведамляюць, што яны, старэйшыя, жывуць, а дзеці так мала пацешыліся з гэтага свету…

Не зламала вялікіх працалюбаў гора. Па-ранейшаму цікавяцца ўсім, што адбываецца ў роднай гаспадарцы, у краіне і свеце. Моцна клапоцяцца аб здароўі дзяцей і ўнукаў у такі неспакойны час распаўсюджвання каранавірусу. І вераць:

“Бацькі нашы перажылі ваеннае ліхалецце, перажывем і мы ўсе выпрабаванні часу. Усё ж такі мірныя выпрабаванні, а не ваенныя”.

Яніна ШМАТКО

Фота з сямейнага архіву
і газеты «Праца»

Вам может быть интересно

Комментарии отключены