Адукацыйныя курсы «Выгаднае хобі» і «Стоп, дэменцыя» прайшлі зэльвенкі сталага ўзросту

Закончылася навучанне на адукацыйных курсах “Выгаднае хобі”і “Стоп, дэменцыя”, арганізаваных пры аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН.

На заключным занятку слухачы дэманстравалі свае ўменні-навыкі, дзяліліся ўражаннямі ад сумеснай работы на працягу двух апошніх месяцаў года. Загадчыца аддзялення, яна ж і дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы ўстойлівага рэгіянальнага развіцця “Зялева” Наталля Глушэня падзякавала сваім работнікам-настаўнікам і слухачам за іх актыўнасць і стараннасць, а потым уручыла сертыфікаты кожнаму навучэнцу. Некаторыя жанчыны сумелі так арганізаваць свой час, што паспяхова закончылі абодва курсы. Гэта Галіна Андрэева, Ірына Пазняк і Марыя Откінская. Іх віталі асабліва дружна.

З цеплынёй згадвалі самае памятнае: заняткі па прафілактыцы стрэсу, метады дапамогі пры дэпрэсіі, практыкаванні па развіцці абодвух паўшар’яў мозгу, майстар-клас Таццяны Сяркевіч па жывапісе, незабыўную экскурсію ў тэатр. Апошняе асабліва гарманічна ўпісалася ў праграму навучання. Выявілася, што мала хто са слухачак наведваў драмтэатр у суседнім Слоніме. І гэта, вырашылі ўсе, – недаравальна! На Гродзеншчыне толькі два драматычныя прафесіянальныя калектывы – у Гродне і Слоніме. І слонімскія акцёры ні ў чым не ўступаюць абласным ці сталічным. У гэтым пераканаліся ўсе, паглядзеўшы прэм’еру спектакля па п’есе знакамітага іспанца Ф.Г.Лоркі “Дом Бернарды Альбы”. Са складанейшым матэрыялам слонімцы справіліся на “выдатна”! Уражаныя ўбачаным, вырашылі працягваць знаёмства з лепшымі спектаклямі і Гродзенскага, і Слонімскага драмтэатраў. І заклікаем да гэтага ўсіх зэльвенцаў. Паверце: не пашкадуеце ні грошай, ні часу!

Выпускнікі курсу “Выгаднае хобі” дэманстравалі свае цудоўныя вырабы-авоські, пашытыя і звязаныя сумкі, пераднавагоднія сувеніры з папяровай лазы. Як расказалі некаторыя слухачкі, іх работамі зацікавіліся карыстальнікі сеціва, так што ёсць каму прапаноўваць свае неардынарныя рэчы.

А слухачы “Стоп, дэменцыі” здзіўлялі іншымі дасягненнямі: разгаданымі красвордамі, рашэннямі тэкстаў на логіку. Равесніца вобласці Людміла Шышко выклікала на спаборніцтва ўсіх жадаючых пабіць яе рэкорд. Са слова “Достопримечательность” яна склала каля 250 слоў!

У слове з 21 літары яна знайшла і Памір, і Сену, і… нават Трампа. Паспрабуйце перамагчы нашу Людмілу Аляксееўну!

На кожным занятку Наталля Глушэня акрэслівала асноўную мэту курсаў: адукацыяй займацца да канца жыцця! Нялёгка пераадольваць сябе штодзённа: рабіць гімнастыку і спецыяльныя практыкаванні, трэніраваць памяць, вучыць вершы, рашаць розныя галаваломкі і г.д. Але калі мы хочам, каб наша старасць не стала цяжарам для блізкіх нам людзей, мы абавязаны працягваць займацца тым, чаму нас вучылі на курсах. І гэта выказала ў вершаванай форме Людміла Шышко:

Каб ведаць болей і ўмець,
Каб як марудней
нам старэць,
Каб балячак мець
найменей,
Замацаваць усе ўменні, –
Будзем далей мы вучыцца,
Прымяняць
уменні-звычкі,
Што паспелі атрымаць,
Каб старасць з годнасцю
прымаць.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены