5 лютага Касцёл успамінае святую панну і мучаніцу Агату

Ад пажараў зберажы нас, святая Агата… 5 лютага Касцёл успамінае святую панну і мучаніцу Агату. У гэты дзень у святынях адбываюцца набажэнствы, пад час якіх благаслаўляюцца хлеб і вада. Такой традыцыі штогод прытрымліваюцца і зэльвенскія каталікі. На імшы яны моляцца святой Агаце і просяць абараніць усё чалавецтва ад пажараў, небяспек і стыхійных бедстваў. Свае афяры складаюць і за тых людзей, прафесійная дзейнасць якіх звязана с агнём і яго наступствамі.

Распачынаючы ранішнюю суботнюю імшу, ксёндз Яцэк Маркель паведаміў парафіянам некаторыя звесткі аб жыцці святой:

– Агата паходзіць з сыцілійскага горада Катанія, са знакамітага мясцовага роду. Мучаніцкія пакуты і смерць прыняла з-за свайго маральнага пераканання ў тым, што не прынізіла сябе і адказала рымскаму намесніку. Да апошніх хвілін свайго жыцця яна верыла ў Бога і дзякавала Яму за сілы і аздараўленне.

Згодна з паданнем, мясцовыя жыхары звярнуліся з малітвай да святой Агаты ў тыя хвіліны, калі лава агню з вулкана Этна ішла на горад і паграджала небяспекай. У часе супольнай малітвы хрысціяне сталі сведкамі, калі яна развярнулася і накіравалася ў другі бок. З тым пор хрысціяне вераць у магутную сілу святой.

Святар зачытаў спецыяльную малітву да Агаты, пасля чаго благаславіў прынесеныя зэльвенцамі хлеб і ваду і акрапіў іх святой вадой.

Парафіянка Часлава Багдановіч выказвае сваё меркаванне:

Заступніцай ад небяспекі агню ў каталікоў з’яўляецца святая Агата. Мы верым у той цуд, які адбыўся ў Сіцыліі, а таксама многія іншыя. Яшчэ я веру ў Пана Бога, сіла і моц якога бязмежныя. Праз малітву да Яго, Панны Марыі, святых, у тым ліку Агаты, прашу аб абароне Айчыны і суайчыннікаў ад розных бед і няшчасцяў. Што датычыцца хлеба, існуе такая традыцыя – захоўваць яго дома, кавалак з’ядаць, калі неспакойна на душы. Таксама ёсць павер’е абносіць хлебам дом ці кватэру падчас навальніцы, грому ці іншых стыхій.

Гаворачы аб тым, што імя Агаты з грэчаснай мовы абазначае дабро, ксёндз Яцэк пажадаў усім быць добрымі і міласэрнымі, каб сэрцы людзей заставаліся духоўнымі, чыстымі крыніцамі дабрыні:

Святая Агата – гэта прыклад сапраўднай веры ў дабро, якім ёсць Бог. Няхай кожны з нас жыве з гэтым пачуццём і дзякуе Пана за яго дары.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены