На конференции обсудили вопросы истории Деречина

Традыцыйныя навуковыя чытанні ў першы дзень Ганненскага кірмашу сёлета праводзіліся ў Дзярэчыне. Праходзілі яны ў форме семінара і мелі агульную назву: “Зэльвеншчына на шляху да ўстойлівага развіцця: ад гісторыі праз сучаснасць да жаданага будучага”. Асноўная частка выступленняў навукоўцаў прысвячалася 600-годдзю з часу першага ўпамінання мястэчка Дзярэчын.
Як і ў мінулыя гады, наладжваннем сувязяў з навукоўцамі займаўся аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: намеснік начальніка аддзела Юрый Кулікоў і работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі Марына Кніга і Вольга Камякевіч. Яны дамовіліся з навукоўцамі, што прымалі ўдзел у папярэдніх канферэнцыях, а таксама сабралі матэрыял для кнігі “Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае”, дапамагалі ў прэзентацыі кожнаму выступоўцу.

8604

Вынікі адраджэння традыцыі і першыя праекты па рэалізацыі праграм развіцця

Удзельнікаў канферэнцыі віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Бердніковіч, каардынатар рэгіянальнага накірунку Праграмы падтрымкі Дзмітрый Карпіевіч і эксперт па ўстойлівым рэгіянальным раз-віцці Алег Сівагракаў. Яны і ад-крылі мерапрыемства.
Аб выніках работы па ўстой-лівым развіцці раёна пасля адра-джэння Ганненскіх кірмашоў гаварылі Франц Мамуль, кансультант па Гродзенскай вобласці Праграмы падтрымкі, і Валянцін Семяняка, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта. Франц Сцяпанавіч меў на ўвазе выніковасць работы некалькіх канферэнцый, што адбываліся ў рамках кірмашу, а Валянцін Міхайлавіч знаёміў з канкрэтнымі дасягненнямі раёна па рэалізацыі праектаў, прапанаваных вучонымі і апрабаваных на мінулых фестывалях.
Франц Мамуль нагадаў, хто прысутнічаў на навуковых чытаннях 2012 – 2015 гадоў, якія рэкамендацыі даваліся арганізатарам кірмашу. Парадаваўся, што зэльвенцы праяўляюць немалую ініцыятыву па стварэнні адметнага аблічча свайго рэгіёну, дзякаваў, што прыслухоўваюцца да парад навукоўцаў. З таго, што прапаноўвалася на канферэнцыях, рэалізавана ўжо нямала. Гэта і рэклама кірмашу, і правядзенне яго ў канкрэтны перыяд, і выкарыстанне магчымасцяў вадасховішча, і прыцягненне да свята конна-спартыўных клубаў, і паспяховы ўдзел у падрыхтоўцы праектаў па ўстойлівым развіцці. Адзначаў кансультант і недахопы, напрыклад, тое, што не ўзяты на ўзбраенне вопыт Столінскага раёна, прадстаўнік якога дзяліўся напрацоўкамі на папярэдняй канферэнцыі.
Валянцін Міхайлавіч падзякаваў навукоўцам і каардынатарам за сумесную працу, вялікую падтрымку нашага раёна ў пошуках шляхоў устойлівага развіцця і выкарыстання Ганненскага кірмашу ў хутчэйшай рэалізацыі многіх задум. Канстатаваў факт актыўнага ўключэння вадасховішча ў прыцягненне жыхароў Беларусі да ўдзелу ў галоўным брэндзе, што рэкамендавалі вучоныя. Абапіраючыся на гістарычныя звесткі, выказаў надзею, што зэльвенцы адчулі спрыяльны момант для развіцця рэгіёну і паспяхова яго выкарыстаюць. Пры адраджэнні кірмашу як фальклорнага свята зараз усё больш і больш улічваюцца яго магчымасці як эканамічнага складальніка ў развіцці раёна. Мара намесніка старшыні райвыканкама – каб за арганізацыю Ганненскага кірмашу ўзялося само грамадства, каб не ад улады патрабавалі людзі “зрелищ”, а самі праяўлялі ініцыятыву, знаходзілі магчымасць развіцця сваёй справы ў рамках фестывалю, і справы паспяховай як для сябе, так і рэгіёну. “Зараз жа пакуль зэльвенцы ідуць на свята гледачамі, а не гаспадарамі”, – са шкадаваннем рэзюмаваў Валянцін Міхайлавіч (дарэчы, Валянцін Семяняка высока ацаніў старанні бібліятэкараў па сістэматызацыі матэрыялаў адроджанага кірмашу для экспазіцыі ў музейным пакоі).
Больш дэталёва расказалі аб дасягненнях зяльвян у сферы ўстойлівага развіцця дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства Валянціна Духцік і старшыня Сынкавіцкага сельсавета Сяргей Духцік. Валянціна Іванаўна пазнаёміла з маршрутамі “Зэльвен-скага дыярыуша”, найбольш знакавымі яго аб’ектамі, іх прыцягальнасцю для жыхароў як раёна, так і іншых мясцовасцей. Вылучыла вялікую магчымасць аграсядзіб для рэкламы Зэльвенскага краю, пазнаёміла з працай экскурсійнага бюро цэнтра і шэрагам іншых момантаў.
Пра канцэпцыю тэрытарыяльна арыентаванага развіцця гаварыў Сяргей Духцік. Было вырашана выкарыстаць знаходжанне на тэрыторыі сельсавета знакамітага сынкавіцкага храма для прыцягнення яшчэ большай колькасці турыстаў. Заняліся паляпшэннем інфраструктуры і экалагічнай сітуацыі. Распрацавалі праект “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні”, выйгралі грант і атрыманыя грошы выкарысталі ашчадна і з вялікай карысцю для людзей. Зараз рыхтуюць пляцоўку пад аўтастаянку каля святой купелі. У вёсцы замянілі старую агароджу на новую – населены пункт набыў зусім іншы выгляд, Сынкавічамі зацікавіліся экскурсанты. Распрацоўваецца праект невялікіх пунктаў продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, што выгадна і жыхарам, і прыезджым.

8603

Феномен беларускіх мястэчак. Дзярэчын у інвентарах XVII ст.

Вельмі цікавым было выступленне доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча, які па-знаёміў удзельнікаў семінара з гістарычным развіццём мястэчак у Заходняй Еўропе і Беларусі. Вучоны лічыць, што мы дарэмна адмаўляемся ад старых назваў, не беражом традыцыі. Цікавы факт: у Беларусі мястэчкі ўзніклі ў асноўным у заходніх і паўночных рэгіёнах, на поўдні і ўсходзе іх практычна не было. Справа ў тым, што захад і поўнач сённяшняй Беларусі былі звязаны з Заходняй Еўропай воднымі шляхамі па Нёмане і Заходняй Дзвіне.
Поўдзень перакрылі татары і туркі, не дапусцілі зносін з месцамі, дзе мястэчкі былі звыклай з’явай. Адной думкі наконт таго, якое месца лічыць горадам, а якое мястэчкам, у вучоных няма. Некаторыя лічаць, што наяўнасць у населеным пункце 300 дамоў дазваляе весці размову больш пра горад, менш – пра мястэчка.
У Заходняй Еўропе мястэчкі з’явіліся яшчэ ў XII – XIII стст., у нас – у XV. Абмен таварамі ў заходняй і паўночнай Беларусі з Еўропай ішоў больш інтэнсіўна, і гэта спрыяла пераўтварэнню вёсак у мястэчкі. Радыус аддаленасці аднаго мястэчка ад другога складаў прыкладна 15 км. Чаму менавіта так? Ды ўсё проста: каб селянін змог рана выехаць у мястэчка на кірмаш, нешта прадаць, нешта набыць і да ночы вярнуцца дадому.
Яшчэ адна цікавая звестка. Нашы мястэчкі за 500 гадоў не змянілі сваёй планіроўкі. Як існавала вуліца пяць стагоддзяў таму, так і захавалася да сённяшніх дзён. Вучоны праводзіў археалагічныя раскопкі ў Міры, Любчы, Гальшанах, Ашмянах, сабраў вялікую колькасць артэфактаў і найбольш пра матэрыяльную культуру і планіроўку беларускіх мястэчак. Аляксандру Канстанцінавічу вельмі імпануе вопыт жыхароў Любчы, які добра было б пераняць дзярэчынцам і зяльвянам. Там не чакалі ўказанняў улады, самі ўзяліся за рэстаўрацыю галоўнай плошчы мястэчка і яго замка. Што тычыцца Дзярэчына, то як мястэчка ён вядомы з канца XV – пачатку XVI стст. Да гэтай пары пра яго можна згадваць як пра двор ці маёнтак.
Загадчык аддзела крыніца-знаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар і навукоўца з Інстытута правазнаўства Наталля Сліж рэканструявалі выгляд маёнтка Дзярэчын на падставе інвентароў 1636 і 1663 гадоў.
Інвентары складаліся звычайна тады, калі маёнтак перадаваўся з рук у рукі ад аднаго гаспадара (арандатара) другому. Так, інвентар 1663 года падсумоўвае чатырохгадовую працу арандатара Аляксандра Быкоўскага на момант перадачы Дзярэчына Аляксандру Гілары Палубінскаму. На той час у склад уладання ўваходзілі (разам з мястэчкам) вёскі Алексічы, Дараглінаты, Монькавічы, Маразовічы, Савічы, Грабава, Русакі, Апінога, Томашы, Шчара, Воля. Як бачым, назвы вёсак амаль не змяніліся або змя-ніліся вельмі нязначна. З дакумента даведваемся, якая свойская жывёла разводзілася, якімі культурамі засяваліся палі, колькі бочак ура-джаю сабралі.
Ужо ў інвентары 1636 года сказана аб існаванні ў маёнтку пажарнай каманды з 7 – 8 чалавек, якая выконвала як непасрэдныя функцыі выратавальнікаў, так і мясцовай ахоўніцы парадку. Праз 27 гадоў (інвентар 1663 года) пацвярджаецца клопат гаспадароў аб захаванні супрацьпажарнай бяспекі.
І ў адным, і ў другім інвентарах пазначаецца колькасць мя-шчан, пералічваюцца іх заняткі (бондары, рымары, пекары, кавалі і г.д.). Даведваемся, што ў 1636 годзе ўжо існавала ў маёнтку рудня, што падаткі на зямлі адной вёскі розніліся ад падаткаў у другой (значыць, улічвалася ўрадлівасць зямель). Цікава, што дзеля захавання адметных куточкаў уводзіліся абмежаванні на паляванне ў іх. Знаёмімся з біяграфіяй маршалка Аляксандра Палубін-скага і многімі іншымі фактамі тагачаснага жыцця.

8606

Аб самакіраванні ў Дзярэчыне

Ужо згаданы Аляксандр Доўнар падрыхтаваў яшчэ вельмі цікавае паведамленне. Ён аналізаваў “Інструкцыю па арганізацыі самакіравання (магдэбургіі) у горадзе Дзярэчын 1795 г.” Гэты дакумент уяўляе сабой сшытак з 24 аркушаў, захаваных у арыгінале. У ім ёсць “Уводзіны” і 9 раздзелаў. Галоўнай прычынай складання інструкцыі была цяжкая эканамічная сітуацыя пасля трох па-
дзелаў Рэчы Паспалітай і нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года. Трэба было не дапусціць поўнага разарэння і голаду. Як памятаем, кіраўніком паўстання ў Слонімскім і Ваўкавыскім паветах быў Францішак Сапега і ён добра ведаў сітуацыю ў сваіх уладаннях. Сапега ўводзіў самакіраванне на падставе артыкулаў Канстытуцыі. Гэта была не першая спроба Францішка арганізаваць жыццё ў маёнтках разумна і эфектыўна.
У магістрат мястэчка Дзярэчын выбіралася 6 чалавек. Кандыдатаў на адну пасаду было трое. Кандыдат павінен быў мець ста-більныя даходы, не мець судзімасці. Блізкія родзічы (бацька і сын) не маглі адначасова працаваць у кіруючым органе. Кожны выбіраўся на пасаду не больш як на два тэрміны. Галасавалі адкрыта, вынікі аб’яўляліся адразу, выбраныя тут жа давалі прысягу.
Калі давераная асоба не вельмі старанна адносілася да справы, ёй давалі нейкі тэрмін для выпраўлення. Калі чалавек і пасля гэтага дрэнна выконваў свае абавязкі – яго пазбаўлялі права выбірацца ў магістрат пажыццёва.
Пасяджэнні магістрата адбываліся кожныя аўторак і чацвер. На іх разглядаліся самыя розныя справы. Зацікаўленыя ў паляпшэнні жыцця людзей давалі крэдыты пры неабходнасці на паўгода пад 8% гадавых, калі на большы тэрмін – то пад 12%. Дапамагалі сіротам. Рэкамендавалі тым, хто жыў пры дарозе, абвязваць дрэвы ў садзе саломай, каб іх ствалы не пашкодзілі вазамі. Пісару, які вёў запісы пасяджэнняў, у большасці выпадкаў не плацілі. Ён жа павінен быў за свой кошт утрымліваць у чысціні і парадку памяшканне магістрата (як бачым, улада не давала прывілей, а патрабавала поўнай аддачы).
Выбары адбываліся перад днём святога Яна Хрысціцеля, 23 чэрвеня. На пячатцы – гербе ма-гістрата – была выява святога Пятра.
Як памятаем з выступлення Доўнара ў 2014 годзе, калі ён аналізаваў інструкцыі Францішка Сапегі “Па ўвядзенні сялянскіх судоў” і “Аб абавязках сельскіх дзясятнікаў”, вучоны і ў іх бачыў важны крок да сама-кіравання. Аляксандр Барысавіч працягвае свае пошукі ў гэтым накірунку, каб з упэўненасцю заявіць: інструкцыі ў Дзярэчыне і Зэльве выконваліся і, значыць, самакіраванне ў іх дзейнічала.

Дзярэчын у XX ст.

Пра падзеі ў Дзярэчыне у больш блізкі да нас час расказвалі прафесар Інстытута права-знаўства Сяргей Токць, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Я. Купалы Сяргей Амелька і настаўніца гісторыі СШ №3 Лілія Сідорка.
Як заўважыў Сяргей Токць, нашым прадзедам жылося вельмі цяжка. У пачатку XX ст. назіраўся вялікі дэмаграфічны рост. Працы і зямлі на ўсіх не хапала. Людзі ў пошуках работы ехалі ў гарады, як бліжэйшыя, так і далёкія (Слонім, Маскву, Санкт-Пецярбург). Смельчакі накіроўваліся на будаўніцтва Амурскай чыгункі. А некаторыя ехалі ажно ў Паўночную Амерыку. Статыстыка сведчыць, што з Амура большасць людзей вярталася ні з чым, бо даўно аселыя там кітайцы і карэйцы абіралі навічкоў. У 1913 годзе ў Амерыку выехала 200 чалавек, вярнулася 100. Там таксама не ўсім удавалася знайсці прыбытковую работу. Хто ўладкоўваўся – прысылаў дадому грошы (статыстыка дае і такія звесткі).
Не ад добрага жыцця кідалі людзі свае сем’і. У справаздачы валаснога старасты за 1913 год сказана, што ўраджай зерневых вельмі слабы. І бульбы таксама. Праліўныя дажджы змарнавалі сена, на нізкіх землях гніе зерне і салома. Толькі 1,5% ураджаю селянін мог прадаць, астатняе па-трэбна было самому. І ўсё ж людзі не сядзелі склаўшы рукі. У мястэчку было 101 прадпрыемства: гарбарня, мёдаварны завод, аптэчны магазін, піўная, млын, каўбасная крама і г.д.
Клапаціліся местачкоўцы пра адукацыю дзяцей. Яшчэ ў 1845 годзе было адчынена вучылішча. Доўгі час школьнага будынка не было: вучыліся па хатах. Ды і дзяцей-школьнікаў было зусім мала: у 1804-м – 14, 1818-м –7, 1830-м – 6. Вучоба доўжылася
3 – 5 месяцаў зімой, бо вясной і восенню дзеці былі актыўнымі памочнікамі бацькоў. Не было доўгі час і прафесійных настаў-нікаў. І толькі ў 1871 годзе вучыць дзяцей прыслалі выпускніка Слонімскага вучылішча.
Знаёмая са старажылам Вострава, членам КПЗБ Серафімам Татарынам, Лілія Барысаўна Сідорка падкрэсліла, што школы пачалі адкрывацца не толькі ў Дзярэчыне, але і ў іншых населеных пунктах. Татарын згадваў пра школу ў Востраве, пабудаваную ў 1886 годзе, у якой вучылася 87 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.
Пасля вайны самым цяжкім для дзяцей было не тое, што ў школах холадна, а сшыткамі служылі мяшкі з-пад солі, а перавучванне з лацінскага алфавіту на кірыліцу і новы прадмет – руская мова. Настаўніцы Кацярыне Яўгенаўне Часцяковай даводзілася часта заставацца з дзецьмі пасля ўрокаў і дадаткова працаваць над замацаваннем найбольш цяжкіх правіл.
Першы выпуск у Дзярэчын-скай дзесяцігодцы адбыўся ў 1950 годзе. Сучасны будынак школы ўзведзены ў 1962 годзе, прыбудова да яго – у 1977-м. У 1980 годзе школа стала ўдзельніцай Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі.
Сяргей Амелька пазнаёміў удзельнікаў семінара з дзённікам ксяндза Пачобыта-Адляніцкага. Як сведчаць запісы святара, у Дзярэчыне ў 20-я – 30-я гады жыло каля 2,5 тысячы чалавек. Большасць складалі яўрэі, праваслаўных і католікаў было прыблізна па 700 – 750 чалавек. Жылося святару цяжкавата, бо заможных землеўладальнікаў у Дзярэчыне не было, а з сялян узяць асабліва не было чаго.
З запісаў відаць, што святар быў адораным літаратарам. Напрыклад, шматканфесійнае насельніцтва мястэчка ён параўноўвае з Вавілонам. Вясновыя і восеньскія затапленні палёў і ву-ліцы мястэчка нагадваюць яму Неапаль. У сувязі са штомесячнымі “свінымі” кірмашамі, якія пакідалі пасля сябе шмат бруду, намаганні прыкладае для таго, каб аднесці месца гандлю ад сцен дамінікан-скага кляштара. Лёс гэтага таленавітага чалавека быў трагічны: яго пераводзяць у небяспечнае ў рэвалюцыйных адносінах месца, дзе неўзабаве ён быў забіты.

Каб брэнд прыносіў карысць

Галоўная мэта навуковых чытанняў – практычная карысць раёну. Таму і ў гэты раз каардынатары Праграмы падтрымкі Алег Сівагракаў, Франц Мамуль і Дзмітрый Карпіевіч прасілі прысутных сфармуляваць свае пажаданні кіраўніцтву і насельніцтву раёна з такім разлікам, што яны могуць быць рэалізаваны ў недалёкай будучыні. Прапаноў было вельмі шмат. Усе іх зафіксаваў Алег Сівагракаў. Скажам пра некаторыя.
Напэўна, самая слушная прапанова – зрабіць Ганненскі кірмаш свабоднай эканамічнай зонай. Спадабалася ўсім думка прадумаць узвядзенне аркі ў вы-глядзе падковы пры ўездзе ў Зэльву. Там можно было б прадаваць білеты, у кошт якіх увойдуць некаторыя паслугі (напрыклад, катанне на конях). Варта было б вырабіць нейкі арыгінальны прадукт (з каніны, напрыклад) і замацаваць за мясцовымі вытворцамі гэты брэнд. У музеі Ганненскага кірмашу змяшчаць звесткі пра людзей, якія бескарысліва дапамагаюць землякам. Уключыць сюды матэрыялы пра “свіны” кірмаш у Дзярэчыне. У перспектыве падумаць аб узнаўленні Дзярэчынскага палаца. Стварыць рабочую групу кірмашу, якая б дзейнічала пастаянна, карэкціравала прапановы і дапамагала іх ажыццяўляць.
Усіх прапаноў не пералічыць. Ды і не пералік тут галоўнае. Галоўнае – адчуць кірмаш сваёй кроўнай справай і стаць не сузіральнікам, а творцам адроджанай традыцыі.
Яніна Шматко.

8605

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.