8 верасня зэльвенскія каталікі ўшаноўвалі Нараджэнне Панны Марыі (Багач)

Штогод 8 верасня вернікі збіраюцца разам у касцёле, каб праславіць Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі. Бягучы год не стаў выключэннем, і зэльвенцы склалі ўдзячнасць Богу за бацькоў, якія падарылі жыццё сваёй дачцы, за Панну Марыю, якая нарадзіла Збаўцу. Так як яшчэ адна назва светлага дня –  свята Маці Божай Сеўнай, таксама памаліліся за зерне ў душы кожнага чалавека, каб яно прарастала і давала ўраджай дабрыні і міласэрнасці.

Святар адзначыў, што ў Святым Пісанні не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Аб гэтай падзеі веруючыя хрысціяне ведаюць з традыцыі, згодна якой вельмі набожныя людзі Яўхім і Ганна, дажыўшы да старасці, не страчвалі надзеі мець дзяцей. Так як у тыя часы бяздзетнасць лічылася карай за грахі продкаў, яны безупынна маліліся. І нарэшце Бог пачуў іх просьбы і адарыў Ганну шчасцем мацярынства.

Пробашч растлумачыў, які сэнс нясе імя Марыя. Па-першае, гэта – Пані, каралева неба, зямлі і ўсяго чалавецтва. Марыя, значыць, прыгожая не толькі целам, але і Божай ласкай. Марыя – святло, зорка нябесная, апякунка сем’яў, людзей і кожнага разгубленнага ў моры жыццёвых праблем чалавека.

–Бог не глухі да просьбаў вернікаў, – сказаў ксёндз Яцэк Маркель. – Ён прыходзіць на дапамогу тады, калі лічыць, што наступіў для гэтага самы адпаведны час. Жадаю вам, каб Найсвяцейшая Марыя дапамагала распазнаваць Божыя планы на вашае жыццё, каб кожны чалавек жыў з верай у душы, плённа працаваў і збіраў шчодры ўраджай сваёй працы.

Па традыцыі ў гэты дзень благаслаўляецца зерне. Земляробы дзякуюць Марыі за сабраны восеньскі багаты ўраджай, а таксама ўзносяць малітвы на пачатак новай сяўбы.

Святая імша завяршылася супольнай малітвай за нашу Айчыну.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!