75-летний юбилей отметил заслуженный тренер БССР по гандболу Леонид Петрович Ган

10 чэрвеня свой 75-гадовы юбілей адзначае Леанід Пятровіч Ган – заслужаны трэнер БССР па гандболе, суддзя рэспубліканскай катэгорыі, пачынальнік гэтага віду спорту ў Зэльвенскім раёне. Таленавіты педагог, мэтанакіраваны і моцны чалавек, ён праз усё жыццё пранёс любоў да сваёй справы. У многім дзякуючы яму гандбол працяглы час быў візітнай карткай Зэльвы. Усе 54 гады працы Леанід Ган цалкам аддаваў сябе трэнерскай рабоце, з раніцы і да позняга вечара займаўся з дзецьмі, якія ў выніку станавіліся выдатнымі гандбалістамі. Яго выхаванцы Уладзімір Міхута і Валерый Цівунчык сталі чэмпіёнамі свету, Сяргей Варабей і Мікалай Крамнік – чэмпіёнамі СССР. А пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, падрыхтаваных трэнерам, і падлічыць складана. Леанід Пятровіч даў пуцёўку ў спорт і маладым гандбалістам Віктару Вінніку і Міхаілу Міхуце, якія цяпер працягваюць справу свайго трэнера. 

 

75-летний юбилей отметил заслуженный тренер БССР по гандболу Леонид Петрович Ган  

 

Застаць юбіляра ў гарадской кватэры ў гэтыя летнія дні даволі складана. Амаль кожны дзень Леанід Пятровіч бывае ў вёсцы Конна, дзе жыве яго цесць, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Георгіевіч Рысь. Калі дазваляе надвор’е, дабіраецца веласіпедам, а ў непагадзь – спадарожным транспартам або маршрутным аўтобусам. Аб сустрэчы з юбілярам мы дамовіліся загадзя.
Наша размова пачалася з пытання аб пачуццях:
– Леанід Пятровіч, ці ёсць адчуванне задаволенасці пражытымі гадамі?
– Жыццё маё атрымалася, і я задаволены тым, што пражыў гады менавіта так, – не задумваючыся адказаў юбіляр. – Я адчуваю вялікі гонар за сваіх выхаванцаў-спартсменаў, якія пра-славілі нашу краіну на высокім міжнародным узроўні. Радуе, што больш за 20 маіх выхаванцаў звязалі сваё жыццё са спортам і сталі паспяховымі трэнерамі. Сярод іх – Уладзімір Міхута (трэнер гандбольнага клуба ў Наваполацку), Валерый Цівунчык (трэнер гандбольнага клуба ў Партугаліі), Барыс Рэпкін (трэнер гандбольнага клуба ў Мінску), Сяргей Варабей (трэнер у Баранавічах), Стані-слаў Путрэша, Дзмітрый Шлык, Міхаіл Жыдок, Віктар Віннік, Міхаіл Міхута і многія іншыя. Многія з гандбалістаў, якія наведвалі секцыю, у жыцці сталі даволі паспяховымі людзьмі.
– Як Вы прыйшлі ў спорт?
– Мы ў дзяцінстве не былі распешчаны забавамі. Спартыўных секцый у сельскіх школах тады не было. Нашай любімай гульнёй быў футбол: ганялі мяч усюды, дзе быў хоць які свабодны кавалачак зямлі. Пасля школы я паступіў у Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Там захапіўся баскетболам, і ў далейшым гэта стала маёй спецыялізацыяй. Маім настаўнікам быў вядомы беларускі трэнер Анатоль Марцінкевіч. У час вучобы я выступаў за зборную вобласці па баскетболе спартыўнага аб’яднання “Ураджай”, і наша каманда заўсёды займала лідзіруючыя пазіцыі. Пасля вучобы служыў у арміі ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе. Вось там я захапіўся гандболам: у нашай воінскай часці было шмат прыхільнікаў гэтай гульні. Пасля службы вярнуўся на радзіму і пайшоў працаваць у Зэльвенскую сярэднюю школу настаўнікам фізкультуры. 
– Леанід Пятровіч, якія ўспаміны з працоўнага жыцця найбольш яркія?
– Гады, калі я толькі пачынаў сваю працу. Гэта быў унікальны час. Спорт у Зэльве, нягледзячы на тое, што ў нас не было сваёй ДЮСШ (пасёлак адносіўся да Ваўкавыскага раёна), быў на высокім узроўні як сярод школьнікаў, так і дарослых. На базе школы працавалі спартыўныя секцыі па лёгкай атлетыцы, футболе, баскетболе, веласпорце і многіх іншых відах. Заняткі ў іх праводзілі як настаўнікі фізкультуры, так і грамадскія спартыўныя інструктары. З першых дзён са мною настаўніцай фізкультуры працавала Ірына Тукальская, якая вяла секцыю гімнастыкі. Вялікую падтрымку ў развіцці фізкультуры аказвалі тагачасныя дырэктары школы Іван Палякоў і Мікалай Ваглай: яны набывалі спартыўны інвентар, стараліся стварыць належныя ўмовы для заняткаў спортам. Акрамя баскетбола, я пачаў развіваць і гандбол. Незнаёмая раней гульня выклікала вялікую цікавасць у школьнікаў. Колькасны склад груп на трэніроўках часам быў удвая большы, чым патрабавалася, і ўсе, каму ўдавалася выйсці на пляцоўку, маглі, здаецца, трэніравацца бясконца. Праз год наша зборная каманда па ручным мячы стала сярэбраным прызёрам абласных спаборніцтваў, а выхаванец Уладзімір Масло быў запрошаны ў склад зборнай вобласці.
З кожным годам гандбол набываў у Зэльве ўсё большую папулярнасць. Час асаблівага яго росквіту пачаўся з аднаўленнем Зэльвенскага раёна і адкрыццём у нас дзіцячай юнацкай спартыўнай школы, дзе я пачаў працаваць трэнерам. Не паверыце, але тады амаль кожны другі школьнік Зэльвы займаўся гандболам! Я пастаянна працаваў над удасканаленнем свайго трэнерскага майстэрства – чытаў спецыяльную літаратуру па гандболе, паступіў на завочнае аддзяленне інстытута, пераймаў вопыт вядомых трэнераў, удзельнічаў у семінарах. 
Таленавітыя вучні знаходзіліся не толькі ў Зэльве, але і ў раёне. Так да мяне прыйшоў Уладзімір Міхута, які вучыўся ў Тулаўскай сельскай школе. Ужо пасля першых трэніровак стала зразумела, што гэта будзе таленавіты спартсмен. У 1979 годзе Уладзімір у складзе юніёрскай зборнай каманды СССР прымаў удзел у Чэмпіянаце свету ў Германіі. Зборная ўпершыню стала чэмпіёнам, і Уладзімір Міхута таксама ўнёс у гэтую перамогу свой уклад. Гэта была вельмі знамянальная падзея ў маім жыцці. Праз некаторы час яшчэ адзін мой вучань Валерый Цівунчык дабіўся такой высокай спартыўнай перамогі. Праславіла нашу секцыю гандбола Святлана Дрызгаловіч, якая ўваходзіла ў склад жаночай зборнай рэспублікі, паспяхова выступала на саюзных і міжнародных спаборніцтвах. Пераможцамі Чэмпіянату СССР па гандболе сярод сельскіх спартсменаў сталі Сяргей Варабей і Мікалай Крамнік. Зборная каманда Зэльвенскай ДЮСШ неаднаразова станавілася пераможцай і прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. За выдатную падрыхтоўку спартсменаў я неаднаразова адзначаўся рэспубліканскімі і абласнымі Ганаровымі граматамі, атрымаў званне заслужанага трэнера Беларусі. На працягу 17 гадоў трэніраваў зборную каманду вобласці.
– Скажыце, у чым сакрэт такой паспяховай трэнерскай працы?
– Трэнерская прафесія шмат у чым унікальная – трэба быць і профільным спецыялістам, і настаўнікам у шырокім разуменні гэтага слова, і тонкім псіхолагам. Вельмі важна мець дасканалыя спецыяльныя веды, пастаянна працаваць над павышэннем трэнерскага майстэрства. Дрэнны той трэнер, які не ведае асноў педагогікі. Настаўнік павінен умець праяўляць у адносінах да дзяцей патрабавальнасць і дабрыню, шчырасць душы – вось галоўны сакрэт поспеху. 
– Былыя вучні і калегі не забываюць?
– Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, я стараюся падтрымліваць са сваімі вучнямі і былымі калегамі цесную сувязь. Пастаянна тэлефануем адзін аднаму, сустракаемся, калі ёсць такая магчымасць. Уладзімір Міхута, калі прыязджае на бацькаўшчыну, абавязкова заходзіць да мяне, Валерый Цівунчык звоніць нават з далёкага Лісабона. Асабліва шмат віншаванняў атрымліваю на дзень нараджэння. Не забываюць мяне і ў Федэрацыі гандбола, запрашаюць на розныя святочныя мерапрыемствы, што вельмі прыемна.
– А Вашы дзеці перанялі захапленне гандболам?
– Па маім шляху пайшоў сын Ігар, які па-сапраўднаму захапіўся гандболам і пасля заканчэння ВНУ працаваў трэнерам, затым завучам Зэльвенскай ДЮСШ. Цяпер ён – настаўнік фізкультуры ў Гродзенскім раёне. Дачка Алена выбрала другі шлях у жыцці: яна стала журналістам і працуе ў газеце “Вячэрні Брэст”. А вось ужо яе дачка, мая ўнучка Святлана, са спортам сябруе, выступала на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гандболе за Брэсцкую вобласць. Унук Алег таксама некаторы час захапляўся гандболам, але цяпер у яго іншае хобі.
– Як сям’я ставілася да таго, што Вас часта дапазна не бывала дома – трэніроўкі ж праводзіліся і ў вячэрні час?
– На вялікі жаль, у сілу спецыфікі прафесіі я і сапраўды мала часу ўдзяляў сям’і, хаця жонцы і дзецям патрэбна ўвага. Гэта, напэўна, бяда ўсіх трэнераў. Усё жыццё я ўдзячны сваёй жонцы Ірыне Фёдараўне за яе пастаянную падтрымку, разуменне, клопат. Дзякуючы ёй, я, магчыма, і змог дасягнуць таго, што дасягнуў.
– Чым, акрамя спорту, Вы захапляліся ў той і цяперашні час?
– Спорт забіраў увесь мой вольны час, ён быў маёй працай і маім захапленнем. Я вельмі люблю, асабліва з выхадам на пенсію, проста выехаць на прыроду, пахадзіць па лесе… На жаль, праз захворванне вачэй цяпер не магу збіраць грыбы, хаця вельмі любіў гэтае ціхае “паляванне”. Па-ранейшаму захапляюся шахматамі і шашкамі, раблю ранішнюю зарадку, пешыя прагулкі.
– Леанід Пятровіч, дазвольце павіншаваць Вас з чарговым юбілеем. Жадаем Вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, аптымізму і бадзёрасці на многія-многія гады. Няхай кожны дзень будзе напоўнены цікавымі падзеямі, прыемнымі клопатамі, а блізкія людзі дораць толькі радасны настрой. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.