300 нашчадкаў Міхася Чарневіча

3202 Рэдакцыя газеты “Праца”, Зэльвенская раённая бібліятэка, Князеўскі дом культуры і актывісты роду здзейснілі даўно задуманы праект “Нашчадкі Міхася Чарневіча”. Задума была не з лёгкіх: сабраць, па-знаёміць і аб’яднаць прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў роду Міхася Чарневіча і яго жонкі Кацярыны. Для старонніх людзей Міхась і Кацярына – звычайныя сяляне сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. А для іх нашчадкаў – людзі, што далі пачатак чатыром адгалінаванням вялікага роду. Арганізатары праекта марылі сабраць звесткі хоць пра чатыры пакаленні роду. Сабралі – пра шэсць. І запісалі ў радавое дрэва 300 імён. Але аб усім па парадку. Удзельнікі пошуку Як і ва ўсіх, у родзе Чарневічаў ёсць як інертныя, так і актыўныя людзі. Арганізатары праекта шукалі, вядома, актыўных. І вось з дапамогай тых, хто пагадзіўся карпатліва збіраць неабходныя дадзеныя, паступова абазначыліся абрысы вялікага роду. Перад пачаткам пошуку былі вядомы імёны ўсіх семярых дзяцей Міхася і Кацярыны. Хто наследаваў лініі Марыі і Магдалены – невядома. Яшчэ адна дачка, малодшая, дзяцей не мела. Такім чынам, заставалася шукаць нашчадкаў двух сыноў і дзвюх дачок. Старэйшы сын Чарневічаў Іван Міхайлавіч меў дваіх дзяцей: сына і дачку. Сын Антось памёр рана, як і яго адзі-ны сынок. Прадаўжальніцай лініі Івана Міхайлавіча стала дачка Канстанцыя Яскевіч. Усё гэта выявіла самая актыўная памочніца арганізатараў праекта Таццяна Яскевіч. Яна ж сабрала ўсе неабходныя звесткі пра дзяцей, унукаў-праўнукаў сваёй свекрыві. У Сцяпана Міхайлавіча было таксама двое дзяцей. Наследаваў яго лінію толькі Ста-ніслаў Сцяпанавіч. Пра другога сына звестак не знайшлі. Тут вельмі дапамаглі ў пошукавай справе дачка Станіслава Сцяпанавіча Ядвіга Каспярэц, нявесткі Ганна і Яніна Чарневіч, унучкі Алена Лукуць і Таццяна Верабей. Лінію Юзэфы Міхайлаўны Чарневіч-Сідорка ўзнаўлялі дочкі старэйшага яе сына Людві-ка Яніна Шматко і Валянціна Масюк, дачка Сарафіны Сідорка-Саўчык Яніна Цяслоўская, унучка Ядвігі Сідорка-Каленкі Наталля Азерская. Лінію Эміліі Міхайлаўны Чарневіч-Камякевіч дапамаглі абрысаваць яе ўнукі Алена Ляонец і Анатолій Свістун, нявест-ка Аліна Камякевіч. Агульнымі намаганнямі ўстанавілі, што Міхась і Кацярына Чарневічы пакінулі пасля сябе 7 дзяцей, 15 унукаў, 46 праўнукаў, 97 прапраўнукаў і 22 прапраўнучкі – усяго 300 чалавек. Коратка пра чатыры адгалінаванні роду Канстанцыя Іванаўна Чарневіч выйшла замуж за аднавяскоўца Ксаверыя Яскевіча, сябра брата Антося, які не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. А вось Кантанцыя і Ксаверый выгадавалі сямёра прыгожых, дужых і надзвычай працавітых дзяцей: чацвярых сыноў і трох дачок. Іх дзеці, унукі і праўнукі жывуць на Зэльвеншчыне, у Гродне, Смаргоні, Варшаве і Санкт-Пецярбургу. Сярод іх ёсць урачы, настаўнікі, юрысты, эканамісты, спецыялісты сельскай гаспадаркі, работнікі міліцыі і шэраг іншых. Станіслаў Сцяпанавіч Чарневіч меў з жонкай Браніславай трох сыноў і дзвюх дачок. На жаль, на сённяшні дзень у жывых засталіся толькі дочкі ды нашчадкі ўсіх Станіслававічаў. Жывуць яны на Зэльвеншчыне, Мастоўшчыне, Бераставіччыне, Міншчыне, у Ваўкавыску і Астраўцы. Прафесіі набылі самыя розныя: ветурачы, паштальёны, менеджэры, вадзіцелі, наладчыкі машын… (Працяг на 10-й стар.) (Заканч. Пач. на 9-й стар.) Лёс Юзэфы Міхайлаўны Чарневіч-Сідоркі склаўся трагічна. Замужам яна была за мараком Чарнаморскага флоту Людвікам Іванавічам Сідорка, некаторы час жыла з сям’ёй у Севастопалі. Калі б не вайна, магчыма, і лёс быў бы зусім іншы. Але падзеі грама-дзянскай вайны ў Крыме вымусілі сям’ю вярнуцца на радзіму, дзе іх ніхто не чакаў. Самае страшнае выпрабаванне наступіла для дзяцей Юзэфы Міхайлаўны ў 1930-м годзе, калі адзін за адным адышлі з жыцця спачатку яна, а потым і муж. Шасцёра дзяцей засталіся без бацькі і маці. Выратавала вялікая любоў братоў і сясцёр адзін да аднаго, іх гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Ды вялікая вера, што Бог не пакіне сірот, дасць магчымасць выжыць у любых сітуацыях. Нават калі лёс закінуў аднаго з сыноў Юзэфы Міхайлаўны за акіян, у далёкую Канаду, браты і сёстры не перарывалі сувязяў. Сёння за акіянам жывуць і працуюць больш за 20 нашчадкаў дачкі Міхася і Кацярыны. І хоць няма ў жывых сына Юзэфы Міхайлаўны, пішуць і тэлефануюць у Беларусь дзеці канадскага Сідоркі. Нашчадкі астатніх дзяцей Юзэфы Міхайлаўны жывуць на Зэльвеншчыне, у Ваўкавыску, Гродне, Мінску, Шклове, Гомелі. І прафесіямі Сідоркі могуць па-хваліцца самымі рознымі: ад інжынераў машын да інжынераў чалавечых душ. Самая малодшая дачка Міхася і Кацярыны Эмілія Міхайлаўна выйшла замуж за аднавяскоўца Мар’яна Камякевіча і выгадавала з мужам шасцёра дзяцей. У родзе Камякевічаў засталіся на сённяшні дзень жывымі двое ўнукаў Міхася Чарневіча: Іосіф Мар’янавіч і Часлаў Мар’я-навіч.Чаславу Мар’янавічу нядаўна споўнілася 80 гадоў, ён жыве ў в.Падбалоцце, на радзіме свайго дзеда, а Іосіф Мар’янавіч асеў у Краснадары. Нашчадкі Эміліі Міхайлаўны працуюць поварамі, вадзіцелямі, слесарамі, аператарамі, паштаві-камі. Беларускія Камякевічы жывуць на Зэльвеншчыне, у Ваўкавыску, Гродне і Мінску. Сустрэча на радзіме продкаў Калі звесткі пра жывых і памерлых нашчадкаў Міхася Чарневіча былі апрацаваны і сістэматызаваны, пачалі рыхтавацца да кульмінацыі вялікай працы – сустрэчы. Паколькі Міхась і Кацярына былі глыбокаверуючымі людзьмі, пачаць сваё спатканне вырашылі ў храме. Пасля службы ўсе сабраныя фатаграфуюцца каля касцёла і на месцы пахавання Міхася Чарневіча – каля старога касцёла “на горцы”. Тут пачынаецца паглыбленае знаёмства з родам. Пра-ўнук Юзэфы Міхайлаўны Сідоркі Уладзімір Шматко ўсе звесткі, што былі сабраны актывістамі роду, увёў у камп’ютар. Атрымалася вельмі арыгінальная канструкцыя, дзякуючы якой можна по чарзе “гасцяваць” то ў нашчадкаў Эміліі Камякевіч, то яе сястры Юзэфы Сідоркі, то ў братоў Івана і Сцяпана Чарневічаў. Пасля фотасесіі каля помніка продку ўсе ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся на радзіму Міхася і Кацярыны Чарневічаў – у в.Падбалоцце. Там у гасцінным доме жонкі малодшага сына Станіслава Сцяпанавіча Чарневіча – Яніны Іосіфаўны – і адбылося аса-бістае знаёмства прадстаўнікоў усіх галін роду. Кожны з прысутных мог расказаць пра сябе і сваіх блізкіх. А вядучыя стараліся адзначыць самае характэрнае для прадстаўнікоў кожнай галіны роду. Напрыклад, асабліва пад-крэслілі павагу да продкаў з боку Станіслава і Таццяны Яскевічаў: яны даглядаюць магілы не толькі нядаўна памерлых, але і апошні прыстанак сына Міхася Чарневі-ча – Івана Міхайлавіча, які памёр каля 100 гадоў таму назад! Шчыра дзякавалі вядучыя кожнаму выступоўцу. А іх было нямала: нявесткі Канстанцыі Іванаўны Яскевіч – Таццяна і Сабіна, жонка ўнука – Ірына; унучкі Станіслава Сцяпанавіча Чарневі-ча Алена Лукуць, Таццяна Верабей і Яніна Тарасік; унучка Эміліі Міхайлаўны Камякевіч Алена Ляонец; праўнукі Юзэфы Міхайлаўны Сідоркі Наталля Азерская, Антон Саўчык, Уладзімір Шматко, Валянціна Парфянюк… Як разумее чытач, тут згадана толькі частка звестак пра вялікі род. Пра ўсіх расказаць немагчыма. Думаю, што гэта разумеюць тыя, хто застаўся “за кадрам”. А калі нехта з нашчадкаў Марыі Чарневіч ці Магдалены Чарневіч-Доўкшы, прачытаўшы гэты матэрыял, зразумее, што і ён можа аднесці сябе да роду Міхася і Кацярыны Чарневічаў, вельмі просім адгукнуцца. Арганізатары першай сустрэчы роду гатовы працягваць пошукі продкаў. Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.