Дзеці вайны: жыццёвы шлях Тамары Сачок

«Картинки детства мрачными тонами Безжалостно раскрасила война. И память точечно тревожными волнами Напоминает, как страшна она! «

Гэта чатырохрадкоўе з верша Златы Волчак, якім адкрываецца фотаальбом «Хранители памяти, знаний, традиций». Створаны фотаальбом намаганнямі валанцёраў праекта «Формула памяти» пад кіраўніцтвам Наталлі Глушэні, загадчыка дзённага аддзялення ЦСАН. Вось у ім звесткі і пра Тамару Іванаўну Сачок, з якой пазнаёмім чытачоў у рамках акцыі «Нельга забыць, нельга зразумець…».

Тамара Іванаўна з мужам Валянцінам Антонавічам.

ЗАФІКСАВАНЫЯ ЎСПАМІНЫ

Нарадзілася Тамара Іванаўна ў 1944-м і памятаць пра ваенныя гады сама, вядома, не можа. «Добра ведаю ўсё па расказах матулі, – кажа Тамара Іванаўна і, як бы апраўдваючыся, дадае: – Я нават запісвала за мамай усё, пра што яна расказвала. Каб не забыць ці не пераблытаць што». А мы дзякуем ёй, бо яна захавала тое, што павінны ведаць дзеці і ўнукі. І яны, упэўнены, будуць вельмі ўдзячны бабулі.

… Бацькоў Тамары Іванаўны ў сакавіку 1943 года прымусова вывезлі ў Германію. І гэта, як ні дзіўна, выратавала іх, бо многіх іх аднавяскоўцаў (жылі яны ў Свіслацкім раёне) за сувязь з партызанамі расстралялі.

Спачатку прывезлі ў Беласток. Там, у размеркавальніку, мноства людзей чакала сваёй долі. Маладая пара Мікшутаў трапіла да нямецкага бауэра. Даглядалі і даілі кароў, праполвалі пасевы зерневых, саджалі і акучвалі, а потым капалі бульбу і г.д. Так працягвалася да зімы 1944 года. Потым спатрэбілася рабочая сіла на лесанарыхтоўках. Бацька Іван Антонавіч працаваў у лесе, а матуля – паварыхай: гатавала ежу для рабочых. Памятала нават і колькасць наведвальнікаў сталовай: 18 чалавек.

У пачатку сакавіка 1944-га прыйшла пара маладой паварысе радзіць. Адвезлі яе ў раддом г. Істэнбурга, дзе яна, паднявольная, і нарадзіла дачушку. Калі крыху ачуняла, папрасілі-загадалі дапамагаць абслугоўваючаму персаналу бальніцы. Марыя Іванаўна мыла бялізну ў пральні.

Калі парадзіха знаходзілася ў бальніцы, мужа перавезлі ў другое месца, таму пасля шпіталю Марыя Іванаўна з дачушкай паехалі ў Клейнэвідгэрэн. Там маладая жанчына зноў прыступіла да абавязкаў паварыхі. Так працягвалася да канца студзеня 1945 года. Калі пачаў прыбліжацца фронт, брыгаду лесанарыхтоўшчыкаў вывезлі далей ад пекла вайны. Кіламетраў за 150 ад Берліна спыніліся. Пэўны час жылі ў вёсцы, працавалі на гаспадарцы.

Вызваленне прыйшло, калі малой Томачцы восьвось павінен быў споўніцца годзік. Прадстаўнікі савецкага камандавання сабралі вязняў, паведамілі, што рабіць далей. Мужчын прызыўнога ўзросту забяруць у войска. Жанчын, старых і дзяцей адправяць дадому. На зборным пункце ў г.Кісліне далі матулі Томачкі каня і павозку, на якой маладая жанчына і рушыла ў няблізкі шлях. Нацярпелася на гэтым шляху ўдоваль: ледзь не загінулі, калі конь панёс і перакуліў іх вазок у адкос. Пайшлі далей пешшу, спадзеючыся на добрых людзей. Так дабраліся да г.Бубліца, у якім правялі каля двух месяцаў. Чакалі, калі выдзеляць хоць які-небудзь транспарт.

Нарэшце знайшлі для іх падводу, і зноў пачаліся дарожныя прыгоды. На некалькі дзён затрымаліся ў польскім горадзе Хойніца, дзе і даведаліся аб доўгачаканай Перамозе. Вельмі напалохалася Марыя Іванаўна колькасці эшалонаў на граніцы пад Гродна, думала, што не прабярэцца да вакзала, каб даведацца, ці ёсць магчымасць ехаць ці ісці далей. Нават пад цягнікамі з малечай на руках прапаўзала…

Урэшце рэшт дабраліся да Гродна. Некалькі дзён у перасыльным лагеры – і вось на руках такі дарагі білет да Ваўкавыска. І 7 чэрвеня 1945 года выгнанніца з народжанай у няволі дачушкай пераступіла парог свайго дома ў вёсцы Палуянкі Свіслацкага раёна. З бояззю чакалі весткі ад мужа і бацькі: ці жывы? – Весткі не атрымалі, затое ў лістападзе сустракалі самога гаспадара. Бацька не хаваў слёз радасці, што ўбачыць жывымі сваіх дарагіх жанчын. Як высветліла Марыя Іванаўна са скупых размоў з мужам, яго вайсковую часць рыхтавалі да адпраўкі на вайну з Японіяй. І калі б не капітуляцыя апошняй, хто ведае, як бы склаўся лёс выгнанніка і салдата.

Так закончылася ваенная эпапея сям’і Мікшутаў. Шчасліва, як быццам. Уратаваліся самі, уратавалі дачушку. Але колькі горычы прынесла вайна, ведаюць толькі тыя, хто яе перажыў. Ніколі не расказваў бацька Тамары аб тым, што перанёс на вайне, калі яна, падросшы, распытвала яго аб гэтым. «Не дай Бог, дачушка, паўтарэння гэтаму ніколі», – казаў звычайна.

ПАСЛЯВАЕННЫ ЛЁС

Тамара з дзяцінства ахвотна дапамагала бацькам, не цуралася ніякай работы, асабліва любіла шыць і вязаць. Добра вучылася ў школе, кожнае лета працавала на сезонных работах у мясцовым саўгасе. А потым спрабавала сябе ў якасці маляра на будоўлі, санітаркі рэнтгенкабінета, сакратар-машыністкі ў эпідэміялагічнай станцыі. Нават у бібліятэчным калектары працавала, з любоўю рыхтуючы кнігі да перасылкі ў бібліятэкі вобласці. І зараз згадвае, якое багацце праходзіла праз яе рукі.

У 1977 годзе пераехала з мужам у Зэльву. І вось тут ужо месцаў працы не мяняла. Як прыйшла пасля дэкрэтнага адпачынку летам 1979 года ў інспекцыю Дзяржстраха, так і адпрацавала там да пенсіі на пасадзе сакратара-машыністкі. Мяняліся толькі назвы арганізацыі, а Тамара Іванаўна не здраджвала дружнаму калектыву. За бездакорную працу неаднаразова атрымлівала прэміі і падзякі.

З мужам Валянцінам Антонавічам выгадавалі дзвюх цудоўных дачушак, якія сталі настаўніцамі. Старэйшая, Людміла, выкладае беларускую мову і літаратуру ў 9-й школе г.Слоніма. Любіць сама родную мову і дзецям прывівае любоў да яе. Вучні Людмілы Валянцінаўны ўдзельнічаюць у многіх конкурсах і алімпіядах, часта становяцца прызёрамі. Малодшая, Наталля Валянцінаўна, – выхавальнік і сацыяльны педагог у дзіцячым прытулку г.п.Зэльва.

Трох унукаў і адну ўнучку маюць дзядуля з бабуляй, жаданых гасцей у іх утульным доме. «Толькі б не для вайны падрасталі нашы хлопцыўнукі, – кажа Тамара Іванаўна. – Толькі б яны і іх дзеці не спазналі таго, што перажылі мае бацькі і я разам з імі».

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены