2 лютага ў каталікоў свята Ахвяравання Пана (Грамніцы)

Святочнае набажэнства ў касцёле Святой Троіцы г.п. Зэльва распачалося з успаміну падзеі, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, які быў прадпісаны законамі Старога Запавету. Згодна Евангеллі, першымі ў маленькім Дзіцяці пазналі Хрыста прарок Сімяон і старая ўдава Ганна. Яна паверылі ў Хрыста. Так і хрысціяне павінны радасна перажываць кожнае спатканне з Хрыстом, праслаўляць Яго прысутнасць.

На пачатку святой імшы веруючыя запалілі свечкі, як сімвал Хрыста, які нясе святло вечнай Праўды ўсяму народу. Агеньчык свечкі таксама нагадвае каталікам аб Панне Марыі, сэрца якой перапоўнена ласкай, а ў яе душы пануе нязгаслае святло веры, надзеі і любові. Падчас працэсіі, калі пробашч благаслаўляў свечкі, прыхаджане прыгожымі спевамі праслаўлялі Панну Марыю.

У сваім звароце да прысутных, ксёндз Яцэк Маркель адзначыў, што свята Ахвяравання Пана гэта таксама свята ўсіх манахаў і манашак, законнікаў і законніц, тых, хто цалкам прысвяціў сваё жыццё Богу, веры і малітве. Раз у год, менавіта 2 лютага – гэта дзень, калі неабходна падзякаваць манаскіх асоб за іх шчырую і адданую малітву за ўсё чалавецтва. Зэльвенскія каталікі ў знак удзячнасці сумесна згаварылі “Сімвал веры” і склалі ахвяраванні на ўтрыманне кляштараў.

Асвечаныя свечкі называюць грамнічнымі. Хрысціяне захоўваюць іх у сваіх дамах і запальваюць падчас навальніцы ці маланкі, хваробы ці небяспекі, цяжкіх жыццёвых выпрабаннях, каб апека Маці Божай дапамагала ў складаныя моманты. Грамнічная свечка падаецца ў рукі паміраючаму чалавеку, каб Найсвяцейшая Марыя прывяла душу ў неба.

Напрыканцы імшы ксёндз Яцэк Маркель, хвалюючыся аб духоўным жыцці вернікаў, звярнуўся з просьбай, каб парафіяне, якія наведваюць касцёл, перадавалі зэльвенцам, якія па розных прычынах (у тым ліку і эпідсітуацыі) не прыходзяць ў святыню, аб існуючым абавязку слухаць трансляцыі набажэнстваў па радыё і інтэрнэце. Моладзь і падлеткі павінны наведваць нядзельныя, святочныя набажэнствы і ўрокі па катэхізісу.

Дыспенсу (дазвол) на ненаведванне святыні трэба правільна разумець, захоўваючы ўсе меры асабістай бяспекі, неабходна знайсці час для малітвы, – акцэнтаваў увагу каталікоў ксёндз Яцэк.

3 лютага вернікі будуць успамінаць святога Блажэя. Падчас вячэрняй імшы ( у 18:00) адбудзецца асвячэнне свечак і благаслаўленне прысутных ад хвароб горла.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены