19 чэрвеня зэльвенцы адзначаюць урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса

У чарговы раз каталікі звярнуліся з малітвай да Бога. Пасля святкавання Тройцы Найсвяцейшай, Найсвяцейшага Цела Пана, Касцёл ушаноўвае боскае сэрца Збаўцы. Для зэльвенскіх вернікаў свята мае асаблівы сэнс: у нашай парафіі ўстаноўлена фігура Сэрца Езуса, да якой кожны можа падыйсці, памаліцца, папрасіць дапамогі і падзякаваць за дары.

На пачатку імшы ксёндз Яцэк Маркель звярнуў увагу хрысціян на тое, што Пан Езус быў такім жа чалавекам, як усе мы. Рос у лоне маці, пад сэрцам Марыі. На працягу жыцця сэрца Пана, так як і наша, за ўсё перажывала. Але, у адрозненні ад нас, вытрымала жудасныя пакуты за людскі род. Таму каталікі павінны дзякаваць Пану Богу і як мага часцей звяртацца да Яго з малітвай.

Разважаючы далей, пробашч падкрэсліў, што Сэрца Езуса – гэта Таямніца Божых задумаў. Божыя планы аб’яўлены чалавеку менавіта праз муку Хрыстуса. Цэлы чэрвень каталікі праслаўляюць Пана, ушаноўваюць яго Сэрца, прабітае дзідай, але адкрытае для міласэрднай любові да ўсяго чалавецтва. Вернікі павінны штодзённа разважаць над Божым словам, дзякаваць за святыню, якую захавалі і збераглі мінулыя пакаленні, за намоленную парафію.

Імша суправаджалася спевамі і малітвай. Напрыканцы ўсе сабраныя ў касцёле згаварылі літанне да Сэрца Пана за прыхаджан, якія ў цяперашні час не могуць наведваць храм з-за пандэміі, а таксама за тых, хто падтрымлівае чысціню і парадак на прыкасцёльнай тэрыторыі, каля фігуркі Сэрца Пана, што размешчана на вуліцы Пушкіна.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены