Вуліца Карбышава

Д.М.Карбышаў нарадзіўся у г. Омску 26-га кастрычніка 1880 года. У 11-гадовым узросце ён становіцца курсантам Сібірскага кадэцкага корпуса. Паколькі старэйшы брат Дзмітрыя, Уладзімір, быў “неблаганадзейным”, хлопчыку не далі дазвол на бясплатнае навучанне. І нават не дазволілі жыць разам з іншымі кадэтамі ў інтэрнаце. На другі год навучання памёр бацька Дзмітрыя. Усе нягоды пераадолеў падлетак. Вучыўся выдатна, вельмі любіў маляваць. Валодаў выключнымі здольнасцямі да матэматыкі і гісторыі. Закончыў кадэцкі корпус па першаму разраду.

Восенню 1898 г. паступіў ў Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Пецярбургу, якое з выдатнымі адзнакамі заканчвае ў 1900-м годзе ў званні падпаручніка. Неўзабаве атрымлівае назначэнне ў 1-ы Усходне-Сібірскі сапёрны батальён. У 1903-м годзе яму прысвойваюць званне паручніка. У складзе воінскага злучэння батальён маладога Карбышава здзяйсняе вельмі складаны і цяжкі пераход у Маньчжурыю. У гэтым пераходзе іх напаткала вестка аб пачатку руска-японскай вайны.

З першага і да апошняга выстрала заставаўся на палях бітваў гэтай вайны Дзмітрый Карбышаў. Паказаў сябе не толькі адважным, але і таленавітым афіцэрам. Тры медалі, пяць ордэнаў, у тым ліку Святой Ганны “За храбрасць”.

Яшчэ ў вучылішчы Карбышаў зразумеў, што выбраў правільны шлях у жыцці. Таму выпісвае з Пецярбурга неабходную літаратуру і рыхтуецца да экзаменаў у Інжынерную акадэмію. Вытрымаўшы папярэднія іспыты ва Уладзівастоку, дзе служыў у сапёрным батальёне і ўзводзіў вакол горада бетонныя фарты, Карбышаў едзе ў Пецярбург. На працягу месяца трэба было здаць 23 (!) экзамены. Пры найвышэйшым бале ў 12 адзінак Карбышаў атрымаў сярэдні – 10,92 бала. Яго залічылі ў спіскі прынятых першым. Гэтак жа выдатна вучыўся Карбышаў у акадэміі ўсе тры гады. Як самаму лепшаму выпускніку яму прапанавалі самому выбраць месца далейшай службы. Дзмітрый Міхайлавіч спыніўся на Севастопальскай крэпасці. Але жыццё ўнесла карэкціроўкі ў планы капітана Карбышава. Блізкая вайна патрабавала развіцця крэпасцей уздоўж заходніх граніц імперыі. І Карбышаў едзе ў Брэст-Літоўск. “Яна яшчэ дастаткова паслужыць Радзіме”, – прадказаў геройскую будучыню Брэсцкай крэпасці Дзмітрый Міхайлавіч.

У пачатку лета 1911 года Карбышаў і яшчэ 4 выпускнікі акадэміі прыбылі ў Брэст-Літоўск. Тут ужо ішла рэканструкцыя крэпасці, Карбышаву даручылі 7 форт. У архіве Ваенна-інжынернага музея захаваліся чарцяжы некаторых частак гэтага форта, распрацаваныя Дзмітрыем Міхайлавічам. На жаль, поўнасцю падрыхтаваць крэпасць да вайны не паспелі. Аднак і тое, што сумелі зрабіць, дазволіла рускай арміі адкінуць праціўніка, не дапусціць немцаў у горад.

У пачатку лета 1911 года Карбышаў і яшчэ 4 выпускнікі акадэміі прыбылі ў Брэст-Літоўск. Тут ужо ішла рэканструкцыя крэпасці, Карбышаву даручылі 7 форт. У архіве Ваенна-інжынернага музея захаваліся чарцяжы некаторых частак гэтага форта, распрацаваныя Дзмітрыем Міхайлавічам. На жаль, поўнасцю падрыхтаваць крэпасць да вайны не паспелі. Аднак і тое, што сумелі зрабіць, дазволіла рускай арміі адкінуць праціўніка, не дапусціць немцаў у горад.

Закончыўшы фартыфікацыйную падрыхтоўку свайго форта да абароны, Карбышаў папрасіўся на фронт. Амаль усю вайну правёў Дзмітрый Міхайлавіч на Паўднёва-Заходнім фронце, у 8-й арміі, пад камандаваннем генерала А.А.Брусілава. Карбышаў прымаў самы непасрэдны ўдзел у асадзе аўстрыйскай цытадэлі Перамышль, дзе быў ранены ў нагу. За храбрасць і адвагу быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны другой ступені з мячамі і атрымаў званне падпалкоўніка. Пасля шпіталю Карбышаў зноў вярнуўся ў 8-ю армію. Восень 1915-га і вясну 1916-га гадоў Карбышаў правёў на будаўніцтве Кіеўскага тылавога абарончага рубяжа. Тут ён сустрэў сваю будучую жонку – сястру прапаршчыка Апацкага – Лідзію Васільеўну.

Вялікі Кастрычнік застаў Карбышава на Паўднёва-Заходнім фронце, на граніцы з Румыніяй. Без вагання перайшоў на бок рэвалюцыйнага народа, без шкадавання расстаўся з царскімі пагонамі, чынамі і ўзнагародамі. У 1918 г. пачалося стварэнне Чырвонай Арміі. Карбышаў уступіў у яе ў першыя дні зараджэння. Ён весь у гушчы падзей: умацоўвае падходы да Царыцына, Сімбірска, праводзіць рэкагнасцыроўку Волгі на працягу 500 км ад мястэчка Цянюшы да Сызрані. Прычым маштабныя работы на Волзе былі выкананы за 8 дзён, а праект Карбышава ў 1922 годзе Галоўнае ваенна-інжынернае ўпраўленне выдала асобнай брашурай як узор палявой фартыфікацыі. Праект ператварэння Волгі ў непрыступны абарончы рубеж быў высока ацэнены М.В.Фрунзе, які ў снежні 1918 г. быў прызначаны камандуючым 4-й арміяй Усходняга фронту. 6-е ваенна-палявое будаўніцтва Карбышава было ўключана ў склад гэтага фронту. У 1919 г. Карбышаў быў прызначаны галоўным кіраўніком усіх абарончых работ Усходняга фронту. Створаныя ім умацаваныя раёны сыгралі выключную ролю ў разгроме арміі Калчака. А пасля разгрому калчакаўскіх войск Дмітрый Міхайлавіч узначаліў інжынерную групу 5-й арміі Усходняга фронту і кіраваў умацаваннем Забайкальскага плацдарма супраць японскіх інтэрвентаў і банд атамана Сямёнава.

Не забываў Карбышава і М.В.Фрунзе. Калі ў жніўні 1920-га ён узначаліў Паўднёвы фронт, тэлеграмай выклікаў Карбышава да сябе. Дзмітрый Міхайлавіч распрацоўваў і здзяйсняў усе планы па забеспячэнню наступлення і штурма Перакопа і Чангара. Пасля ліквідацыі Паўднёвага фронту Фрунзе назначылі камандуючым усімі ўзброенымі сіламі Украіны і Крыма, а Карбышаў стаў у яго выконваючым абавязкі начальніка інжынернай службы. Усё ўзбярэжжа Чорнага мора – Севастопаль, Феадосію, Еўпаторыю – прыводзіць Карбышаў у абарончы стан. Праз год ён удзельнічае ў распрацоўцы аперацый па разгрому банд Махно на Украіне.

У сакавіку 1923 г. Карбышава назначаюць старшынёй інжынернага камітэта Галоўнага ваенна-інжынернага ўпраўлення Чырвонай Арміі, які праз год рэарганізуецца ў ваенна-тэхнічны камітэт з вельмі шырокай праграмай дзеяння. Фрунзе, як начальнік Ваеннай акадэміі, адразу ж прыцягвае да работы і свайго надзейнага памочніка Д.М. Карбышава. Дзмітрый Міхайлавіч паспявае і ў камітэце працаваць, і выкладаць на ваенна-акадэмічных курсах у 2-х ваенных акадэміях, кіраваць падрыхтоўкай усіх ваенных акадэмій па ваенна-інжынернай справе…

З лістапада 1923 года Карбышаў канчаткова пераходзіць на навуковую і выкладчыцкую працу ў ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе, а з лютага 1934-га ўзначальвае ваенна-інжынерную кафедру гэтай акадэміі. Ён актыўна ўдзельнічае ў стварэнні сучасных сродкаў ваенна-інжынернай тэхнікі, распрацоўвае першыя тыпы савецкіх процітанкавых мін, прапаноўвае арыгінальную і малазаўважную проціпяхотную перашкоду, якую назвалі “тенёта Карбышева”. (Потым гэта перашкода была прынята на ўзбраенне арміі пад шыфрам МЗП – малазаўважная перашкода). У выглядзе пенала Карбышаў прапанаваў проціпяхотную міну вагой да 30 грамаў. Потым гэтыя міны масай у 50,75, 200 грам знайшлі шырокае прымяненне ў баях Вялікай Айчыннай вайны.

Працы вучонага сталі падручнікамі для некалькіх пакаленняў сапёраў і фартыфікатараў. Яго навуковыя работы сталі асноўнымі пры падрыхтоўцы камандзіраў Чырвонай Арміі. Як вучоны, ён быў аўтарытэтам не толькі на радзіме, але і за межамі краіны.

Да 1936 г. Карбышаў кіраваў кафедрай ваенна-інжынернай справы ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, потым 5 гадоў быў памочнікам начальніка кафедры тактыкі вышэйшых злучэнняў па інжынерных войсках у Акадэміі Генеральнага штаба, старшым выкладчыкам гэтай установы.

1936 – 1941 гады – перыяд асаблівага росквіту творчых сіл і таленту Д.М. Карбышава. У 1940-м яму прысвоілі званне генерал-лейтэнанта інжынерных войск. У лютым 1941-га прафесару Карбышаву была прысвоена вучоная ступень доктара ваенных навук.

Д.М. Карбышаў быў удзельнікам савецка-фінскай вайны. Лінія Маннергейма, што ўзводзілася на Карэльскім перашыйку нямецкімі, англійскімі і французскімі спецыялістамі, лічылася непрыступнай. Яна знаходзілася ўсяго ў 32-х км ад Ленінграда, пад прыцэлам фінскіх дальнабойных гармат была галоўныя база Балтыйскага флоту – Кранштадт. Дзмітрый Міхайлавіч увайшоў у групу Галоўнага ваенна-інжынернага ўпраўлення палкоўніка М.А. Ковіна, якая распрацоўвала рэкамендацыі савецкім войскам па інжынернаму забеспячэнню прарыву лініі Маннергейма.

Вопыт савецка-фінскай вайны яшчэ болей умацаваў Карбышава ў яго ўпэўненасці: трэба як мага хутчэй рэарганізаваць войскі, вучыцца пераадольваць і штурмаваць самыя сучасныя агнявыя збудаванні ворага. Таму ён без доўгіх разваг прыняў запрашэнне Заходняй асобнай акругі для дапамогі ў стварэнні замацаваных раёнаў на новай дзяржаўнай граніцы. Выехаў генерал з Масквы ў Мінск 7 чэрвеня 1941 года, а ўжо 9-га чэрвеня накіраваўся ў Гродна. Вельмі мала было часу для змянення сітуацыі на граніцы, хоць Карбышаў і адзначыў шмат поспехаў у гэтай складанай справе. Ён паспеў пабываць у 3-х замацаваных раёнах Заходняй асобнай акругі: Гродне, Брэсце, Асаўцы. Чацвёрты раён – Замброўск – генерал-лейтэнант ужо не паспеў праінспекціраваць: пачалася вайна.

Карбышаў яшчэ мог выехаць у Мінск, а затым Маскву, але не скарыстаўся гэтай магчымасцю. “Я салдат, а салдат у такі момант не кідае фронт”, – гаварыў ён тым, хто ўгаворваў выратавацца. Вечарам 22-га чэрвеня Карбышаў разам з іншымі афіцэрамі штаба 3-й арміі пераехалі на камандны пункт у Масты. Адтуль 24-га Дзмітрый Міхайлавіч прыбыў на камандны пункт 10-й арміі.

Для адступлення абеіх армій на Мінск заставаўся вузкі калідор у 60 км паміж Скідзелем і Ваўкавыскам. Адступленне было вельмі цяжкім. Вечарам 27-га чэрвеня стала вядома, што нямецка-фашысцкія войскі знаходзяцца на подступах да Мінска. А вакол штаба 10-й арміі замкнулася кола. Карбышаў удзельнічаў у выбары маршруту для адступлення. Ён прапанаваў ісці да старой савецка-польскай граніцы, каб скарыстацца замацаваннямі былой граніцы. Ішлі ў накірунку на мястэчка Дзярэчын.

Аб далейшым шляху штаба стала вядома з успамінаў многіх людзей, якіх выявіў праз многа гадоў былы сябар Карбышава Яўген Рыгоравіч Рэшын. Вырваўшыся з акружэння пад Зэльвай і Слонімам, Карбышаў дайшоў да Дняпра паўночней Магілёва. Пераправіўся на яго другі бераг, але быў кантужаны і трапіў у палон. Ужо ў першым лагеры, куды трапіў Дзмітрый Міхайлавіч (каля польскага горада Острув-Мазавецка), пра яго пачалі складваць легенды. Гаварылі, што фашысты прапаноўвалі савецкаму генералу лепшыя ўмовы ўтрымання, але ён адмовіўся. Бо плата за гэтыя “ўмовы” была вядомай – здрада, пераход на службу да ворага. Пасля Острув-Мазавецка былі лагеры ў Замосці, Хаммельбургу, Нюрнбергу, Брэслау, Берліне, Флоссэнбюргу, Майданэку, Асвенцыме, Заксенхаузене, Маутхаузене. Некалькі разоў вазілі фашысты генерала ў Берлін, спрабуючы зламаць яго волю, абяцаючы яму матэрыяльныя даброты, доступ да ўсіх бібліятэк і кнігасховішчаў, лабараторыю, магчымасць выезду на фронт для праверкі разлікаў у палявых умовах і г.д. Усё, каб толькі вынікі работ вучонага сталі набыткам Германіі. На ўсе прапановы Карбышаў нязменна адказваў: “Я салдат, і мой доўг забараняе працаваць на краіну, якая знаходзіцца ў стане вайны з маёй Радзімай”.

… У апошні “свой” лагер – Маутхаузен – Карбышаў увайшоў 16 лютага 1945 г. Так, увайшоў: са станцыі і да канцлагера знясіленыя людзі ішлі пехатой. З двух тысяч вязняў Заксенхаузена, адкуль пераводзілі зняволеных, да Маутхаузена дайшло менш паловы. А гэта і трэба было кіраўніцтву лагера №3 – лагера з самай высокай катэгорыяй. Жывымі з яго не павінен быў выйсці ніхто! Тут катавалі з асаблівым удасканаленнем. Раздзетых людзей выганялі з баракаў, заганялі ў душавую, аблівалі папераменна то халоднай, то гарачай вадой, зноў выганялі на вуліцу, на мароз, потым – зноў у душавую. Так да тых пор, пакуль апошні вязень не падаў мертвым. Карбышаў вытрымаў такія здзекі двое сутак. І апошні акт “асаблівых” адносін да генерала – яго палівалі на марозе з брандспойтаў да той пары, пакуль увесь ён не пакрыўся лёдам… Апошнія словы Дзмітрыя Міхайлавіча да вязняў былі: “Трымайцеся, думайце аб сваёй Радзіме, і мужнасць не пакіне вас”. Сведкі расправы над бясстрашным генералам даслалі аўтару кнігі “Генерал Карбышаў” Я.Р. Рэшыну свае ўспаміны, адкуль і даведаліся падрабязнасці апошніх дзён жыцця героя. Шмат расказалі пра мужа і бацьку жонка Карбышава Лідзія Васільеўна і старэйшая дачка Алена Дзмітрыеўна (у Карбышавых было дзве дачкі і сын). Імя Карбышава ўвекавечана ў назвах школ, вуліц, танкераў, лайнераў. Пра яго напісаны кнігі, мастацкія палотны, створаны помнікі. Самы вядомы з іх – у самім Маутхаузене. Незвычайны помнік: скульптар В. Цыгаль і архітэктар М. Кавальчук прадставілі генерала ў апошнія імгненні жыцця – чалавекам-ледзяной глыбай.

А ў 1977-м годзе ў гонар Карбышава была названа малая планета пад №1959.

У Зэльве імем Карбышава названа адна з прыгажэйшых вуліц пасёлка, а каля вадасховішча ўстаноўлены памятны знак у гонар арганізатараў зэльвенскай пераправы Д. Карбышава і А. Смалякова (на фота).

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены