15 сентября – День библиотек

IMG_5918 У сакавіку гэтага года цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма набыла статус юрыдычнай асобы, у склад якой уваходзяць раённая і дзіцячая раённая бібліятэкі, 11 структурных падраздзяленняў. Елкаўская сельская бібліятэка атрымала перамогу ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Пра гэта, а таксама пра дзейнасць цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, бібліятэкараў, тых, хто любіць чытанне і шануе кнігу, напярэдадні прафесійнага свята расказала дырэктар установы культуры Святлана ЖАМОЙЦІНА (на здымку). – Святлана Антонаўна, якія накірункі работы бібліятэкі, акрамя выдачы кніг, атрымалі найбольшае развіццё? – Работа сучаснага бібліятэкара – гэта не толькі выдача кніг, але і актыўная культурна-масавая дзейнасць. Адным з прыярытэтных накірункаў з’яўляецца краязнаўства. Зэльвеншчына – край багаты як гісторыяй, так і традыцыямі. Сабраць унікальны матэрыял і захаваць яго для будучага пакалення, пры гэтым сістэматызаваць, зрабіць да-ступным для чытання кожнаму карыстальніку – задача, якая стаіць перад намі. Супрацоўніцтва з мясцовымі жыхарамі, установамі адукацыі, сельсаветамі дае пэўныя вынікі. А той матэрыял, які з года ў год назапашваецца, дазваляе паспяхова ўдзельнічаць у конкурсах. Нядаўна мы прынялі ўдзел у абласным конкурсе на лепшае электроннае выданне. Падрыхтавалі камплект “Сувязь гадоў і пакаленняў”, у якім адзін дыск прысвяцілі віртуальнаму падарожжу па Зэльвенскім раёне, паказалі аграсядзібы, помнікі архітэктуры і прыроды, другі дыск – славутай Сынкавіцкай царкве Святога Архангела Міхаіла. Цікавым і карысным для бібліятэкараў быў конкурс на лепшую самаробную кнігу: сабраны аб’ёмны і змястоўны матэрыял аб Ганненскім кірмашы. – Якія кнігі і буклеты выдаюцца ў сельскіх бібліятэках? – Час не стаіць на месцы і зараз, каб заявіць аб сабе, неабходна прымяняць розныя сродкі і формы работы. Некалькі гадоў таму першыя крокі ў выдавецкай дзейнасці рабілі аддзелы маркетынгу і абслугоўвання чытачоў. Гэта былі буклеты, брашуры, памяткі, візітоўкі, якія знаёмілі з бібліятэкамі, выкарыстоўваліся падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. На сённяшні дзень не толькі ва ўстановах пасёлка, але і ў аграгарадках Елка, Каралін вядзецца пошук, групаванне матэрыялаў на розныя тэмы, выдаюцца серыі буклетаў. Так, кожная бібліятэка мае “Візітную картку”, “Памяткі чытачу” з парадамі, на якія творы звярнуць увагу, даведкамі аб найбольш папулярных кнігах і інш. Добра зарэкамендавалі сябе нашы дайджэсты аб Ганненскім кірмашы, архітэктурных помніках, на тэмы выхавання, прапаганды здаровага ладу жыцця. Працуем над выданнем зборнікаў вершаў мясцовых паэтаў. Значная работа праводзіцца па зборы фактаграфічнага матэрыялу. – Сённяшнюю бібліятэку немагчыма ўявіць без работы аматарскіх аб’яднанняў. Якія з іх дзейнічаюць у нашым раёне? – Для папулярызацыі друкаванага слова, арганізацыі вольнага часу насельніцтва пры ўсіх установах існуюць аматарскія аб’яднанні па інтарэсах. Бібліятэкары нават вядуць фоталетапіс сваіх пасяджэнняў. Раённая бібліятэка накіравала ўвагу на людзей пажылога ўзросту, маленькія ж чытачы палюбілі лялечны гурток пры дзіцячай бібліятэцы. Сельскія бібліятэкары абралі экалагічны, края-знаўчы, выхаваўчы накірункі. Аб’яднанні наведваюць як пенсіянеры, так і людзі больш маладога ўзросту. – Святлана Антонаўна, як папаўняецца кніжны фонд? – Кніжны фонд установы складае звыш 318 тысяч экзэмпляраў, з іх больш за 400 – на электронных носьбітах. Фонды кожнай бібліятэкі штогод абнаўляюцца і папаўняюцца: у сярэднім каля 200 экзэмпляраў паступае ў раённую і каля 100 – у сельскія бібліятэкі. Кожнае паўгоддзе афармляецца падпіска на перыядычныя выданні для дарослых і дзяцей. З навінкамі літаратуры наведвальнікі могуць пазнаёміцца на кніжных выставах. Некалькі гадоў запар мы цесна супрацоўнічаем з выдавецтвам “Беларускі Экзархат” – літаратура рэлігійнай тэматыкі карыстаецца ў чытачоў высокім попытам. Ёсць у нас і электронны варыянт мастацкіх твораў для людзей з аслабленым зрокам. – Бібліятэка аказвае дадатковыя паслугі? – Мы аказваем наведвальнікам такія платныя паслугі, як ксеракапіраванне, сканіраванне, раздрукоўка публікацый… Часта да бібліятэкараў звяртаюцца з просьбай стварыць прэзентацыю, распрацаваць і выдаць буклеты рэкламнага характару. Высока ў пасёлку ацанілі наша дызайнерскае афармленне запрашэнняў, віншавальных паштовак. За невысокую плату друкуем фотаздымкі. Існаванне пры бібліятэках (раённай, Галынкаўскай, Крывіцкай, Елкаўскай, Бародзіцкай) публічных цэнтраў прававой інфармацыі дапамагае задаволіць розныя інфармацыйныя запыты чытачоў. Пры жаданні чалавек можа пазнаёміцца з заканадаўствам непасрэдна ў цэнтры, а можа ўзяць друкаваны ці электронны варыянт. У рамках супрацоўніцтва з адвакатам юрыдычнай кансультацыі мы аказваем прафесійную дапамогу неабароненым катэгорыям насельніцтва. – І ўсё ж, вернемся да кніг. Ці палохае вас імклівы наступ электронных кніг? – Сапраўды, электронная кніга набывае папулярнасць. Між тым, попыт на добрыя друкаваныя выданні застаецца. І хоць выходзяць яны невялікімі тыражамі, але іх чытаюць і перачытваюць. Адназначна магу сцвярджаць, што кніга не згіне. Гледзячы на нашых пастаянных чытачоў, упэўнена: той, хто з дзяцінства палюбіў чытанне, будзе сябраваць з кнігай на працягу ўсяго жыцця. Гутарыла Людміла ПОПКА.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.