Праект газеты «Праца» да Дня беларускага пісьменства «Малюся Слову»: сталіцам свята мінулых гадоў прысвячаецца

У свята беларускага пісьменства цікавая гісторыя і прадгісторыя.

Пачалося ўсё ў далёкім ужо 1990-м годзе, калі на неабсяжных прасторах СССР адзначаўся Тыдзень славянскага пісьменства і друку. Гэта быў 500-гадовы юбілей Францыска Скарыны, і цэнтрам урачыстасцей стаў, вядома, Мінск.

У Міністэрстве культуры і друку БССР з’явілася ідэя спалучэння скарынаўскага свята з ушанаваннем нацыянальных святыняў. У 1993 годзе былі падрыхтаваны адпаведныя дакументы на разгляд Савета Міністраў і Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Прапанова была ўхвалена – і з 1994 года мы маем цудоўную магчымасць ушаноўваць роднае слова, беларускіх пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў, усіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства.

Першай сталіцай свята, як і належыць, стаў Полацк – радзіма Францыска Скарыны, калыска нашай дзяржаўнасці. Прымаў Полацк гасцей і ў юбілейны, 10-ы год святкавання, а таксама ў 2017-м, калі мы адзначалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Двойчы сустракаў гасцей старажытны Тураў (1995 і 2004 г.г.). А ўсяго больш за 20 гарадоў станавіліся сталіцамі свята пісьменства. Сярод іх і гродзенскія Навагрудак з Любчай (1996 г.), Мір (2002 г.), Смаргонь (2009 г.), Шчучын (2015 г.). Сёлета гасцей сустрэне старажытны Слонім. Да гэтай радаснай і для зэльвенцаў, як суседзяў, падзеі, газета «Праца» рыхтуе асобны выпуск старонкі “Малюся Слову”. А зараз знаёмім з вершамі-прысвячэннямі мясцінам, дзе ўжо адбывалася свята.

Уладзімір Мазго
MІPCKІ ЗАМАК
I я спяшаюся таксама
У Мір,
Нібы цікаўны госць,
Дзе самы мірны –
Мірскі –
Замак
Адкрыў стагоддзяў прыгажосць,
Каб хоць на хвілю дакрануцца
Да абарончай моцы сцен,
Да нашай велічы вярнуцца
З часоў мінулых перамен,
Цераз вякі
Зірнуць навокал
Вачамі вежавых байніц,
Каб берагчы як зрэнку вока
Сваю Радзіму,
Бараніць.
Сабе нанова прапісныя
Адкрыем ісціны быцця,
Дзе продкаў вежы крапасныя
Бароняць нас ад забыцця.

Ірына Данік
БАРЫСАЎ
Я не бачыла гэткіх абрысаў –
Першы раз тут шчасліва стаю…
Добры дзень, старажытны Барысаў,
Я вітаю вялікасць тваю.
Ад сівой даўніны да сягоння
Столькі год у рацэ праплыло,
Але ззяе заўжды на далонях
Слова праўды, што сонцам было.
Цераз лёс узыходзяць праменні
I кіруюць далей да жыцця,
Дзе жылі ўсе твае пакаленні –
Нашых дзён гераічны працяг.
Стаў яшчэ прыгажэйшым Барысаў
У кароне пралескавых дзён
І ніколі бядзе не скарыўся –
Толькі верыць у светлае ён.

Дзмітрый Пятровіч
ЗАСЛАЎЕ
Малітоўна-ўспамінна
У сэрцы жыве гэта слова.
I куды б нi закануў
Мяне мой бязлітасны лёс,
Ліцца песня павінна –
Пяшчотная споведзь-размова –
Хоць даўно я пакінуў
Той ранак, зіхоткі ад рос.
I на золку жыцця
Нарадзіўся палёт юных крылаў,
I бязмежнае шчасце,
Што грэе душу неспадзеў…
I таго пачуцця
След у сэрцы мой горад пакінуў,
I душу маю лашчыць
Дзяцінства салодкага спеў…

Аляксей Галаскок
ГАНЦАВІЧЫ
Два буслы збоч дарогі ў танцы
Абняліся, пусціліся ў скокі:
Гэта вас так вітаюць Ганцавічы–
Гарадок наш, мой край сінявокі.
Горад наш, малады, працавіты,
Над балотам рукамі ўзняты.
Ён сябруе з каштанамі, ліпамі,
Ганарыцца сваімі дзяўчатамі.
За лясамі імшары багатыя:
Там шчыруюць мужчыны, жанчыны
І нясуць на сабе кіславатыя,
Усім карысныя журавіны.
Горад наш прыгажэе, будуецца,
Маладыя растуць ганцаўчане.
У жыцці ix няхай усё збудзецца –
Думкі-мары i ўсе ix жаданні.

Генадзь Пашкоў
ГЛЫБОЧЧЫНА
Расхінаю полаг
смалянога бору
на зазыўны голас
злога камара.
Скрозь каля Глыбокага –
глыбіня азёрная.
За яе глыбейшай,
пэўна што, няма.
А павее вецер,
узаўецца каня.
I ў дугу вудзільны
выгнуцъ чараты.
Можа, гэта сонца
ў завадзі люстранай?
Мо карась на лёсцы
б’ецца залаты?
Паглядзі навокал –
прыгажосць і сіла!
Рэкі і азёры,
вёскі,
як гучаць! –
Мнюта…
Пліса…
Свіла…
Свіліца…
Падсвілле…
Чуеце мелодыю?
Лепш не перадаць!
Глыбачанін, вогнішчам
ля вады падсвечаны,
з лёгкаю усмешкай
сёння нездарма:
скрозь – такія людзі!
Вёскі і азёры!
I глыбей глыбінкі
анідзе няма!..

Міхась Пазнякоў
БЫХАЎШЧЫНА
Між палёў раздольных і лугоў,
Дзе на свет аднойчы я прыйшоў,
Між гаёў пявучых і дуброў –
Радасць мая, песня і любоў.
Дзе Лахва струменіць і Дняпро,
Дзе маленства Грэзаю сплыло.
Там, дзе лin, і клёнаў, i бяроз
Хараство расчульвае да слёз.
Светлая, дзівосная зямля!
Адусюль: і зблізку і здаля
Птахам да цябе крыляю я,
Быхаўшчына родная мая.
Пакланіцца шчырым землякам,
Вечным тваім сонечным жытам,
Соладка надыхацца тваёй
Ціхаю пяшчотаю жывой.
Ты красуй і велічна квітней,
3 кожным годам працай багацей,
Беларусь-матулю праслаўляй,
Непаўторны, звонкі, любы край.
Светлая, дзівосная зямля!
Адусюль: і зблізку і здаля
Птахам да цябе крыляю я,
Быхаўшчына родная мая.

Мікола Мятліцкі
ТУРАЎ
Ў тумане рання хмурага,
Пачуўшы свету ціш,
На гарадзішчы Турава
У роздуме стаіш.
Не сонечна, не вусцішна –
Журба палешука.
Тут песня Златавустава
Ліецца, як рака.
Ашчадна археолагам
Узнятыя пласты –
Астанне бронзы кволае
Як россып залаты.
Ашчэпкі гліны бітае,
Як промні даўніны,
Стаялі тут, адкрытыя,
На прыпеку збаны.
А продкі жыта веялі.
Рыпеў ганчарны круг.
Аралі тут і сеялі,
Касілі траўны луг.
Жылі скупой падзёншчынай.
Ці думалі калі,
Што рэшта – плата дзённая
Камусь за мазалі?
Што будуць хлопцы жвавыя
Курганне іх капаць,
Каб звацца нам дзяржаваю,
Ямчэй пад небам стаць?
Пад неба зорным полагам,
Дзе хмельна б’е вясна,
Ім сніцца, археолагам,
Сівая даўніна.
Рукамі перамацаны
Жвір колькіх курганоў.
I працы пот аплачаны
Аскепкамі збаноў.
Ідзе работа чынная,
Някметная, штодня.
Святлее глыб айчынная,
Гучнее цішыня.

Гвідон Ждановіч
ЗЯМЛЯ ЦЁТКІ
Зямля тут сапраўды для песняў
Зялёна-сіняе раздолле.
“Ку-ку” прадбачлівае ў лесе,
Жывыя струны па-над полем.
Ці не былі запеўнай ноткай
Яны ў дзявочым сэрцы чулым?
Ці не таму і голас Цёткі
Абдаў душу вясновым гулам?
Яна, змяніўшыся ў прыроду,
З удумным позіркам і сёння
Агністы верш свайму народу
Чытае з кніжкі на далонях.

Яўгенія Янішчыц
ПА ДАРОЗЕ Ў ДАСТОЕВА
Красота спасет мир.
Ф.Дастаеўскі

Шукаць карэньчыкі роднасці сваёй?
А тут – лясы, падзолістая глеба.
А тут – каторы дзень! – ілье пралой.
Як Дастаеўскі, схмарылася неба.
Язычнікаў куточак? Не, музык!
Вось паляшук узяў скразную ноту.
Струна душы, падобная на ўскрык,
Перажагнала радасць і гаркоту.
I ў гэтай дзіўнай, грознай цішыні,
Дзе сад здзічэў, дзе звялі пералескі,
Як струны, перабраўшы ночы й дні,
Я вас не раз успомню, Дастаеўскі!
Нацяты нервы сэрцаў і планет.
I новы ўжо Раскольнікаў бунтуе.
На астраўкі расколваецца свет.
Якая ж прыгажосць яго ўратуе?

Мар’ян Дукса
СТАГОДДЗЯМІ ПЯЦЦЮ ЎСКАЛЫХАНЫ
I плоць i дух тутэйшых ты зямель,
у плынях часу твой выток схаваны.
Смаргонь, Смаргонь –
наш родны карабель,
пяццю стагоддзямі ускалыханы.
Ніякі шторм цябе не пахіліў,
нiякая навала не спыніла.
I дзякуй Богу, што да нас даплыў,
i кроў твая жывая не астыла.
Як доўга ты у неба naзipaў
i меў заўжды апеку ад нябёсаў.
О, колькі, горад наш ты, увабраў
благіх i добрых чалавечых лёсаў!
Як шмат гадоў віленская шаша
цябе штодзень, штоноч перасякала. Пералілася у нас твая душа,
твая душа у нас запанавала.
Смаргонь, Смаргонь,
твая душа пяе,
прыгожае аблічча годна узнята.
Трапечуцца усе ветразі твае
у дзень будзённы
цi як прыйдзе свята.

Матэрыялы падрыхтавала
Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены